Працаўнікі Lenta.ru папярэджваюць, што рэсурс стаў падцэнзурным


«Бяда не ў тым, што нам няма дзе працаваць. Бяда ў тым, што вам, здаецца, больш няма чаго чытаць», – пішуць у калектыўнай заяве журналісты і тэхнічныя працаўнікі аднаго з найбуйнейшых навінных парталаў Расеі.

Сёння стала вядома, што ўладальнік Lenta.ru звольніў з пасады галоўнага рэдактара Галіну Цімчанку, якая кіравала рэсурсам амаль 15 гадоў.

«Звальненне незалежнага галоўнага рэдактара і прызначэнне кіраванага, у тым ліку наўпрост з крамлёўскіх кабінетаў, чалавека – гэта ўжо парушэнне закону аб медыях, які гаворыць пра недапушчальнасць цэнзуры», – падкрэсліваюць працаўнікі парталу. Пад заяваю падпісаліся 79 асобаў – журналісты, рэдактары, праграмісты рэсурсу.

«За апошнія пару гадоў прастора свабоднай журналістыкі ў Расеі драматычна зменшылася. Адныя выданні наўпрост кіруюцца з Крамля, іншыя – праз куратараў, трэція – рэдактарамі, якія баяцца страціць працу. Некаторыя медыі закрыліся, іншыя закрыюць бліжэйшымі месяцамі. Бяда не ў тым, што нам няма дзе працаваць. Бяда ў тым, што вам, здаецца, больш няма чаго чытаць», – зазначаюць у заяве.

МЛ, belsat.eu

Стужка навінаў