Чаму Менск баіцца падзелу Украіны?


Пакуль Расея змагаецца за Крым, Беларусь выступае за тэрытарыяльную цэльнасць Украіны і да таго ж наладжвае дачыненні з Еўразвязам. Міністр замежных справаў Уладзімір Макей наведаў з афіцыйным візітам спачатку сталіцу Латвіі, што праз год прымае саміт “Усходняга партнёрства”, а потым Літвы.



Візіт Уладзіміра Макея ў Рыгу адметны тым, што свайго беларускага калегу міністр замежных справаў Латвіі прыняў якраз перад тым, як ехаць ва Украіну, выказаць падтрыманне Кіеву ды ўскласці кветкі на Майдане. А перад гэтым Эдгар Рынкевіч пачуў ад кіраўніка беларускай дыпламатыі наступныя тэзісы: украінцы нам браты, Менск шкадуе аб ахвярах, да расейскіх “вучэнняў” у Крыме Беларусь дачынення не мае, дый увогуле нашая краіна зацікаўленая ва ўкраінскай незалежнасці ды цэльнасці. А збеглых прыхільнікаў Януковіча на беларускай тэрыторыі няма.

{movie}Заходні вектар ажыўляецца|right|15079{/movie}

УЛАДЗІМІР МАКЕЙ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ:

“Некаторы час таму нам ставілі ў прыклад Украіну, але мы бачым, што цяпер тыя самыя прадстаўнікі Еўрапарламенту, што пабывалі ва Украіне, кажуць, што гэта не прыклад, і што Януковіч – дыктатар”.

Паводле палітычных аглядальнікаў, цяпер зноўку “апошні дыктатар Еўропы” Аляксандр Лукашэнка, спрабуе палепшыць свой імідж у вачах Еўропы, але каб у Беларусі усё засталося па-старому.

{movie}Палітолаг Алесь Лагвінец: Чаму Менск прызнае новыя ўлады Украіны? |right|15080{/movie}

УЛАДЗІМІР МАКЕЙ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ:

“У грамадскім меркаванні еўрапейскім Беларусь часта занадта дэманізаваная”.



Пасланец Лукашэнкі, калісьці неўязны ў аб’яднаную Еўропу, сёння вядзе перамовы і прапаноўвае больш шчыльную супрацу Менску і Бруселю. У тым ліку ў абароне еўрапейскай мяжы ад нелегальных мігрантаў з Усходу і ў транзіце грузаў праз Беларусь. Еўразвяз не супраць, але пра рэпрэсіі ды палітвязняў у Беларусі там не забыліся.

ЭДГАР РЫНКЕВІЧ, МІНІСТР ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЛАТВІІ:

“Кардынальныя пазітыўныя змены для Беларусі могуць быць у тым выпадку, калі таксама будуць вырашаныя пытанні палітычнай свабоды”.



Пасля перамоваў з Эдгарам Рынкевічам Макей паехаў у Вільню, каб і там дамаўляцца пра пашырэнне эканамічнай супрацы. Якраз у той дзень, калі Міністэрства замежных справаў Літвы выклікала расейскага амбасадара, каб той патлумачыў дзеянні Расеі ва Украіне. Падчас расейска-еўрапейскай напружанасці Менск можа чымсьці і дапамагчы Бруселю, як гэта было падчас грузінскай вайны. Тады Лукашэнка не прызнаў незалежнасці Абхазіі ды Паўднёвай Асеціі.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:

“Афіцыйны Менск баіцца тэрытарыяльных зменаў на ўсёй прасторы СНД, бо ён баіцца, што гэта развяжа рукі Расеі”.

Таксама ў Беларусі ёсць немалы грашовы інтарэс падтрымліваць Украіну.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:

“У выпадку Украіны Беларусь мае станоўчы гандлёвы баланс: наш экспарт перабольшвае наш імпарт”.

Аднак нельга быць напалову чальцом Мытнага саюзу. Беларусь увяла часовыя абмежаванні на ўвоз свіней і свініны з Украіны. Дазвол на ўвоз гэтай прадукцыі ануляваны, бо такі самы крок зрабіла Расея.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў