Дзярждэпартамент ЗША: Беларусь – аўтарытарная дзяржава


Улады Беларсі працягваюць парушаць правы чалавека, практыкуючы катаванні, фальсіфікацыю выбараў, адвольныя арышты, абмежаванне свабоды слова і сходаў. Такая выснова ўтрымліваецца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартаменту ЗША аб захаванні правоў чалавека ў свеце, размешчаным на сайце ведамства.

Аўтары дакладу сцвярджаюць, што Беларусь – аўтарытарная дзяржава. «Прэм’ер-міністр, прызначаны прэзідэнтам, – намінальны кіраўніком ураду, але ўлада сканцэнтравана ў руках прэзідэнта і дэ-юрэ і дэ-факта. Пасля выбараў 1994 года Аляксандр Лукашэнка кансалідаваў сваю ўладу над усімі дзяржаўнымі інстытутамі ды знішчыў вяршэнства права шляхам аўтарытарных захадаў, уключаючы кіраваныя выбары і незаконныя дэкрэты», – гаворыцца ў дакладзе.

Апроч таго, у парушэннях правоў чалавека вінавацяцца сілавыя ведамствы, якія, як адзначаюць у Дзярждэпартаменце ЗША, аднак, «кантралююцца цывільнымі ўладамі, сярод іншага, Лукашэнкам».

У ліку найважнейшых праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі аўтары даклада называюць: немагчымасць змяніць урад шляхам выбараў, адсутнасць сістэмы стрымлівання і процівагаў, наяўнасць палітычных зняволеных, адсутнасць вынікаў расследавання паводле рэзанансных справаў аб палітычна матываваных знікненнях людзей.

Што да парушэнняў правоў чалавека сілавымі структурамі, то ў дакладзе ўказваецца на збіванні затрыманых і пратэстантаў, катаванні ды жорсткае абыходжанне са зняволенымі ў турмах.

«Судовая ўлада пакутуе ад адсутнасці незалежнасці і ад палітычнага ўмяшання; вынікі судовага разбору часта аказваліся прадвызначаныя, а сам працэс часта праводзіўся за зачыненымі дзвярыма ці без абвінавачанага», – сцвярджаюць у Дэярждэпе ЗША.

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў