19:08 У Харкаве шпіталізавана 75 удзельнікаў сутычак паміж актывістамі Еўрамайдану і ўдзельнікамі прарасейскага мітынгу (Espreso TV). Усяго пацярпелі 97 чалавек.
18:55 Народны дэпутат Алег Ляшко на Майдане ў Кіеве заклікаў украінцаў распачаць усеагульную мабілізацыю.
18:40 Віталій Клічко заклікае Вярхоўную Раду тэрмінова разгледзець пытанне дэнансацыі Пагаднення аб знаходжанні Чарнаморскага флоту ў Крыме.
{movie}Зварот Віталя Клічко да ўкраінцаў|right|15090{/movie}
17:53 Савет Федэрацыі дазволіў Пуціну ўвесці войскі ў Крым.
16:50 Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін унёс зварот у Савет Федэрацыі аб выкарыстанні Узброеных сіл РФ на тэрыторыі Украіны да нармалізацыі грамадска–палітычнай абстаноўкі ў гэтай краіне.
16:49 НАТА склікае савет Паўночнаатлантычнага партнёрства па сітуацыі ў Украіне ў панядзелак, 3 сакавіка. Пра гэта паведаміў на брыфінгу в.а. міністра замежных спраў Украіны Андрэй Дзешчыца.
Прарасейскія мітынгі ў Харкаве і Данецку
У Данецку хочуць правесці рэферэндум аб федэралізацыі вобласці. У Харкаве на будынку абласной адміністрацыі ўсталявалі расейскі сцяг. У Адэсе тысячы людзей сабраліся пад расейскімі і савецкімі сцягамі.
{movie}Прарасейскі мітынг у Харкаве 1 сакавіка 2014 г.|right|15087{/movie}
{movie}Прарасейскі мітынг у Данецку 1 сакавіка 2014 г.|right|15088{/movie}
16:00 Актывісты “Крымскага фронту” ствараюць прэс-цэнтр у Доме прафсаюзаў у цэнтры Сімферопалю, у які ў суботу пранікла група моцных мужчынаў у камуфляжы і ў чорных балаклавах на тварах.
01.30
01:10 Урад Расеі не прызнаў ураду Яцэнюка ва Украіне і прыпыніў супрацу.
24:10 У Крым прыбылі 13 самалётаў Іл -76 з расейскімі дэсантнікамі, заявіў пастаянны прадстаўнік прэзідэнта Украіны ў Крыме Сяргей Куніцын. «13 бартоў з дэсантнікамі садзяцца ў Гвардзейскім, у кожным па 150 чалавек, палічыце», – заявіў Куніцын у эфіры крымскататарского каналу «ATR».
Расея хоча ўвасобіць ва Украіне «абхазскі сцэнар», лічыць старшыня Вярхоўнай Рады Украіны, в. а. прэзідэнта Аляксандр Турчынаў.
«Па дадзеных нашай выведкі яны адпрацоўваюць сцэнар, які цалкам аналагічны абхазскім, калі справакаваўшы канфлікт, яны пачалі анэксію тэрыторыі», – заявіў Турчынаў.
23:00 Паветраная прастора над Крымам зачыненая. У Севастопалі ж знаходзяцца 8 расейскіх ваенна-транспартных самалётаў, падало тэлебачанне “ATR”.
22:20 Міністэрства замежных справаў Украіны запратэствала супраць дзеянняў расейскіх вайскоўцаў у Крыме, звярнуўшыся да Расеі з адпаведнай нотай пратэсту.
У дакуменце зазначаецца, што расейскія войскі парушылі паветраную прастору Украіны, а пагадненні аб умовах знаходжання Чарнаморскага флоту Расеі ва Украіне – не выконваюцца.
З’явілася відэа, як узброеныя расейскія вайскоўцы блакуюць штаб Ваенна-марскіх сілаў Украіны.
{movie}Узброеныя расейскія вайскоўцы блакуюць штаб Ваенна-марскіх сілаў Украіны|right|15082{/movie}
22:00 У Крыме захапілі некалькі вузлоў сувязі. «Укртэлеком» афіцыйна паведамляе аб тым, што кампанія страціла тэхнічную магчымасць забяспечваць сувязь паміж паўвостравам і астатняй тэрыторыяй Украіны.
21:30 Украінскія сілавікі не павінны зрабіць першы стрэл у Крыме, заявіў у эфіры «Еспресо.TV» украінскі палітолаг Яўген Магда: «Нахабныя расейскія дзеянні, звязаныя з тым, што Расея правакуе Украіну на першы стрэл. Парадокс сітуацыі ў тым, што захопліваюць ўкраінскую тэрыторыю, а ўкраінскія сілавікі не павінны зрабіць першы стрэл. Гэта трэба мець вялікую палітычную вытрымку».
21:20 Украіна склікае кіраўнікоў Міністэрстваў замежных справаў СНД ў сувязі з сітуацыяй у Крыме на пазачарговае пасяджэнне.
21:15 Генконсульству Расеі ў Сімферопалі даручылі выдаваць расейскія пашпарты працаўнікам «Беркуту». Пра гэта паведамляецца на старонцы МЗС РФ у «Фэйсбуку».
«Генеральнаму консульству Расейскай Федэрацыі ў Сімферопалі даручылі тэрмінова прыняць усе неабходныя захады для пачатку выдачы расейскіх пашпартоў байцам атраду «Беркут», – гаворыцца ў паведамленні.
20:35 Пятра Парашэнку «канваююць» па Сімферопалі. Народны дэпутат Украіны, які прыехаў разабрацца ў сітуацыі ў Крыме і злагодзіць атмасферу , ідзе пешшу па вуліцы Аляксандра Неўскага, захоўваючы спакой. Паводзіць сябе спакойна, мужна, падае партал vesti.ua. Яго суправаджае натоўп, іх асобаў пяцьсот са спартовым абліччам, якія скандуюць «Прэч з Крыму!», «На вакзал!», «Фашыст!» «Разарваць яго». Мітынгоўцы не далі дэпутату ўвайсці ў крымскі парламент.
20:30 У Крыме прызначылі новы склад Савету міністраў. Пра гэта заявіў старшыня Саўміну Сяргей Аксёнаў пасля сённяшняй пазачарговай сесіі Вярхоўнага Савету.
На аэрадроме «Бельбек» спынілі ўкраінскі знішчальнік Міг-29, які планаваў здзейсніць вылет на баявое дзяжурства. Узлётную паласу перагарадзілі і самалёт не змог разагнацца.
У авіягарнізон Сакі-4, дзе размешчаны палігон і вайсковы аэрадром прыбыла ваенная машына без нумароў. Некалькі чалавек выйшлі з цяжкавіка. Яны ўзброеныя аўтаматамі, падае vesti.ua
20:15 Крымскія татары будуць абараняць сваю радзіму ад вонкавых уварванняў, заявіла ў эфіры «Еспресо.TV» актывістка ініцыятывы «Крым SOS», крымская татарка Таміла Ташава.
«Я татарка. Мае продкі таксама перажылі ганенні, мы таксама змагаліся разам з украінскім народам за нашую агульную незалежнасць. І мае бацькі кажуць: «Мы касцямі ляжам за нашую радзіму, мы нікуды адсюль не паедзем», – адзначыла актывістка.
19:50 Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі ды абароны Украіны Андрэй Парубій заявіў, што ўзброеныя сілы Украіны і памежнікі будуць прадпрымаць «адэкватныя дзеянні» ў выпадку прамой агрэсіі расейскіх войскаў. Парубій паведаміў, што ўкраінскія вайсковыя аб’екты ў Крыме не захопленыя.
Паводле яго, была спроба атакаваць ўкраінскі пункт памежнай службы, але «пасля таго, як памежнікі патлумачылі, што экстрэмісты павінныя адысці, то яны адышлі за 50 м, і пункт не быў атакаваны».
19:45 Крымскае дзяржаўнае тэлебачання занялі ўзброеныя незнаёмцы. Яны апранутыя па-вайсковаму, але без апазнавальных знакаў. Гэту інфармацыю пацвердзіў журналіст крымскага тэлебачання Шеўкет Ганіеў (Шевкет Ганієв). Учора ўсіх супрацоўнікаў тэлебачання распусцілі.
19:30 У ААН заяўляюць пра гатовасць аказаць усялякае падтрыманне Украіне ў вырашэнні сітуацыі ў Крыме. Пра гэта сказаў адмысловы прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН Робэрт Сэры сёння падчас сустрэчы са старшынём Вярхоўнай Рады, в. а. прэзідэнта Украіны Аляксандрам Турчынавым, паведамілі у прэс-службе партыі «Бацькіўшчына».
19:00 У Крым з боку Расеі прылятаюць расейскія самалёты, з усходу на Сімферопаль рухаецца калона БТР-аў, паведамілі «Украінскай праўдзе» відавочцы. Ужо прынамсі 3 буйныя самалёты прызямліліся ў раёне вайсковага аэрадрому ў селішчы Акцябрскае.
У пятніцу памежныя службы Украіны адсачылі пералёт з Расеі ва Украіну больш за 10 расейскіх вайсковых верталётаў.
{movie}Вайсковыя верталёты лятуць з боку Расеі|right|15070{/movie}
18:00 Вярхоўную Раду Крыму і будынак ураду ніхто не захопліваў, будынкі ахоўваюць прадстаўнікі гарамадзянскай самаабароны, каб дэпутаты маглі спакойна працаваць, заявіў чалец Вярхоўнай Рады Крыму Уладзімір Клычнікаў. “Нас ахоўваюць крымчане ад усялякай “бандэраўскаў нечысці”, – заявіў дэпутат. Паводле яго, прадстаўнікі самаабароны маюць зброю як і шмат хто з жыхароў Украіны, таму нічога надзвычайнага ў гэтым няма.
У інтэрнэце з’явілася відэа, якое сведчыць, што будынак Савету міністраў Крыму захапілі.
{movie}Захоп будынку Савету міністраў у Крыме|right|15065{/movie}
ОН-ЛАЙН трансляцыя з Сімферопаля
17:35 Рух бронетэхнікі Чарнаморскага флоту Расеі ў Крыме адпавядае расейска-украінскім пагадненням, афіцыйна заявілі ў МЗС Расеі.
17:20 Старшыня Сакскага рэгіянальнага меджлісу (меджліс – заканадаўча-прадстаўнічы орган крымскіх татараў) Эскендэр Білялаў паведаміў, што ў дадзены момант вайскоўцы захопліваюць вайсковы аэрадром у селішчы Новафёдараўка ў Сакскім раёне.
17:15 «Усё, што зараз адбываецца ў Крыме – абсалютна натуральная рэакцыя на той бандыцкі пераварот, які адбыўся ў Кіеве», – сказаў Януковіч падчас прэс-канферэнцыі ў Растове-на-Доне, адказваючы на пытанні журналістаў. Ён заявіў пра «ўзурпацыю ўлады, якую ажыццявіла жменька радыкалаў».
«Крымчане, вядома, не жадаюць і не будуць падпарадкоўвацца нацыяналістам і бандэраўцам. Абсалютна зразумелае жаданне крымчан самаарганізавацца. Яны хочуць абараніць свае дамы і сем’і», – заявіў Януковіч. Ён звярнуўся да жыхароў Крыму з просьбай не дапусціць кровапраліцця ды падкрэсліў, што Крым мусіць заставацца ў складзе Украіны.
17:10 Расейцы Крыму просяць Пуціна не ўводзіць войскі для ўрэгулявання канфлікту на паўвостраве. «Мы – этнічныя расейцы і расейскамоўныя грамадзяне Украіны – не маем патрэбы ў абароне нашых інтарэсаў іншымі дзяржавамі. Мы дзякуем вам за падтрыманне, аднак, хочам данесці да вас інфармацыю пра тое, што нам ніхто і ніколі не здраджаў на тэрыторыі Украіны… Таму, пры ўсёй павазе да вашых клопатаў, мы просім вас не ўздымаць на дзяржаўным узроўні Расійскай Федэрацыі ўнутраныя пытанні нашай краіны, якія не ёсць вострыя для нас», – гаворыцца ў тэксце петыцыі, размешчанай у інтэрнэце, якую падпісалі ўжо больш за 9 тыс чалавек.
16:45 Расея адмаўляецца праводзіць кансультацыі з Украінай па Крыме. Крэмль разглядае падзеі ў Крыме як следства ўнутрыпалітычных працэсаў ва Украіне, і не мае намеру ўдзельнічаць у кансультацыях па гэтым пытанні. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Міністэрства замежных справаў РФ.
У сувязі з падзеямі ў Крыме Украіна прапанавала Расеі правесці неадкладныя двухбаковыя кансультацыі згодна з Дамовай аб сяброўстве, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Расейскай Федэрацыяй і Украінай.
16:30 Севастопальскі атрад памежнікаў блакуюць расейцы. Раніцай каля 30 узброеных чалавек на чатырох аўтамабілях прыбылі да Севастопальскага атраду марской аховы, размясціліся перад КПП атраду і акружылі ўсе подступы да яго, падае афіцыйная старонка дзяржаўных памежнікаў.
16:04 Узброеныя расейскія жаўнеры вядуць назіранне за гарнізонам украінскіх памежнікаў, вакол выставілі снайпераў.
Раніцай яны спрабавалі блакаваць марскі севастопальскі атрад аховы Дзяржпамежслужбы Украіны.
Свае дзеянні расейскія вайскоўцы называюць спробаю не дапусціць захопу зброі экстрэмістамі ды таму вядуць назіранне за КПП украінскіх памежнікаў.
Марскі севастопальскі атрад аховы Дзяржпамежслужбы Украіны
15:48 Сакратар Савету нацыянальнай бяспекі і абароны Андрэй Парубій заяўляе, што замежныя спецслужбы мелі намер рэалізаваць сцэнар, падобны да крымскага, у іншых рэгіёнах Украіны, але гэтыя спробы ўдалося спыніць.
15:17 Міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў: «Мы кантралюем крымскія аэрапорты». Паводле міністра, расейскія вайскоўцы стаяць толькі на блок-пастах ля аэрапортаў.
14:42 Крымскі дэпутат Уладзімір Клычнікаў заявіў, што будынак Вярхоўнай Рады ахоўвае крымская самаабарона. А на пытанне журналістаў, адкуль у іх зброя, дэпутат адказаць не змог. І назваў гэтае пытанне рытарычным.
14:28 Дэпутаты Крымскай Вярхоўнай Рады самі запрасілі ўзброеных людзей, якія захапілі будынак парламенту, заявіў дэпутат Сяргей Цэкаў.
14:00 Фракцыя «Справядлівая Расея» ўнесла ў Дзярждуму законапраект, паводле якога спрашчаецца працэдура надавання грамадзянам Украіны расейскага грамадзянства. «Гэта дае грамадзянам Украіны выбар: застацца пад юрысдыкцыяй улады Украіны або, прыняўшы грамадзянства РФ, перайсці пад юрысдыкцыю і абарону расейскай дзяржавы», – гаворыцца на сайце фракцыі.
13:25 Уладзімір Пуцін даручыў ураду працаваць над пытаннем аб гуманітарнай дапамозе жыхарам Крыму.
13:13 У Севастопалі прызямліліся 8 расейскіх вайсковых верталётаў з Анапы. Гэтую інфармацыю пацвярджаюць у меджлісе крымскататарскага народу. Паводле некаторых паведамленняў, верталёты маглі даставіць у Крым Віктара Януковіча.
{movie}Баявыя верталёты ў Крыме|right|15059{/movie}
12:53 Расейскі ракетны катар заблакаваў у Крыме караблі ўкраінскіх памежнікаў – паведамляе агенцтва УНІАН, спасылаючыся на ўласныя крыніцы ў Севастопалі. Акрамя таго, на вуліцах Севастопалю з’явіўся яшчэ адзін БТР марской пяхоты Расеі.
12:05 МУС Украіны: падзеі ў Крыме – гэта вайсковае ўмяшанне.
{movie}Невядомыя з аўтаматамі – у аэрапортах Севастопалю і Сімферопалю |right|15056{/movie}
З учорашняга вечара аэрапорты Крыму блакуюць узброеныя людзі ў вайсковай форме без апазнавальных нашывак і з аўтаматамі Калашнікава. Яны гавораць, што патрулююць аэрапорты Крыму, каб «не дапусціць фашызму».
{movie}Невядомыя з аўтаматамі і кулямётамі ў Сімферопалі|right|15057{/movie}
Міністр унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў заявіў, што гэтыя людзі могуць быць расейскімі жаўнерамі ды называе сітуацыю «акупацыяй» і «ўзброеным умяшаннем». Ён зазначыў, што сілы правапарадку не ў стане супрацьстаяць добра ўзброеным вайскоўцам.
Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў у размове з дзяржсакратаром ЗША заявіў, што Расея не мае дачынення да таго, што цяпер адбываецца ў Крыме, і падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны.
У чацвер зранку будынкі Вярхоўнай Рады і Кабінету Міністраў у Крыме захапілі дзясяткі ўзброеных людзей, якія назваліся «сіламі самаабароны расейскамоўнага насельніцтва». Тым часам дэпутаты Рады Аўтаномнай Рэспублікі Крым падтрымалі ідэю рэферэндуму сепаратысцкага характару.
МЯ, МЛ, ЮВ, belsat.eu