Чэмпіёна Беларусі па гандболе абвесцілі банкрутам


Мужчынскі гандбольны клуб «Дынама» (Менск) заявіў аб сваім зняцці з чэмпіянату Беларусі ды ліквідацыі, гульцам каманды надалі статус свабодных агентаў.

Менская каманда, створаная ў 2009 годзе, адразу стала лідаркаю беларускага гандболу. «Дынама» станавілася найлепшым ува ўсіх пяці чэмпіянтах краіны, у якіх удзельнічала. Паспяхова клуб гуляў у еўрапейскіх клубных турнірах.

У «Дынама» быў самы вялікі бюджэт сярод беларускіх гандбольных камандаў (планавалася, што на гэты год складзе прыкладна $ 20 млн). Але грошай раптоўна не стала.

Раней фінансаванне праекту забяспечваў адмысловы загад прэзідэнта, а клубам кіраваў генерал міліцыі Юрый Бародзіч, і ў каманды не было ніякіх праблемаў. Але 24 красавіка 2013 года пасаду кіраўніка спартовага таварыства «Дынама» заняў Энвер Барыеў, якога гандбол не цікавіў. І тады кіраўніцтва гандбольнага клубу «Дынама» пастанавіла пайсці з-пад даха арганізацыі.

Сёлета ўзімку на базе гандбольнага «Дынама» (Менск) утварылі клуб «Нафтахімік», але спонсары, якія далі папярэднюю згоду на фінансаванне каманды, змянілі свае планы. У выніку клубу, за які выступалі дзесяць замежных гандбалістаў і гульцы нацыянальнай зборнай Беларусі Іван Броўка, Максім Бабічаў, Дзяніс Рутэнка, Дзмітрый Нікуленкаў, не хапіла сродкаў на існаванне.

Сёлета «Дынама» выгуляла ўсе чатырнаццаць гульняў чэмпіянату краіны, у якіх згуляла, і ўпэўнена лідаравала ў турнірнай табліцы. Але фінансавы крах сталічнай каманды выводзіць у фаварыты беларускіх спаборніцтваў БГК імя Мяшкова, які існуе на замежныя інвестыцыі з Расеі.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонова, belsat.eu

Стужка навінаў