Расейскія БТРы, якія ехалі ў Сімферопаль, развярнулі даішнікі


Бронетранспарцёры, якія рухаліся ў Сімферопаль з боку сяла Укромнае, паехалі ў зваротным кірунку. Іх спыніў пост ДАІ.

Пасля размовы з праваахоўнымі органамі вайскоўцы развярнуліся і паехалі ў адваротны бок, падае delo.ua. Паведамляюць пра 7 машынаў. Ніякіх апазнавальных знакаў на БТРах не было.

Прэс-сакратар крымскага прэм’ера Віялета Лісін на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пацвердзіла, што БТРы каля Укромнага належаць Чарнаморскаму флоту Расейскай Федэрацыі. Гэта пацвердзілі і некалькі крыніцаў сайту «Крым.Комментарии» ў Службе бяспекі Украіны.

МЗС Украіны выклікала часовага паверанага РФ ва Украіне Андрэя Вараб’ёва на кансультацыі. Яму ўручылі ноту з просьбаю, каб вайсковыя падраздзяленні РФ ва Украіне часова ўстрымаліся ад руху па-за месцамі сваёй дыслакацыі.

Асобна на сустрэчы адзначылі, што Расея як краіна – гарант Будапешцкага мемарандуму 5 снежня 1994 года ўзяла на сябе абавязак паважаць незалежнасць, суверэнітэт ды існыя межы Украіны.



Сёння ў Сімферопалі група ўзброеных асобаў захапіла памяшканне Вярхоўнай Рады і Савету міністраў Крыму. Захопнікі назвалі сябе сіламі самаабароны расейскамоўнага насельніцтва.



МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў