Пад крымскім парламентам б’юцца сцягамі, пацярпелі міліцыянты (відэатрансляцыя)


Пад парламентам Крыму працягваюцца мітынгі. Людзі пачалі біцца сцягамі. Іх вырываюць адно ў аднаго з рук і ламаюць. Сцяг крымскіх татараў парвалі.



У супрацьстаянні бяруць удзел некалькі тысяч асобаў, якія прыйшлі падтрымаць змену ўлады, і некалькі сотняў прарасейскіх дэманстрантаў.

Аднак цяпер у Сімферопаль едуць 10 аўтобусаў з Севастопалю з падмацаваннем для прарасейскіх сілаў, падае «Gazeta.ua».

Прарасейскія актывісты патрабуюць прыбраць з мітынгу «нацысцкія чорна-чырвоныя сцягі» [сцягі УПА – belsat.eu]. З іншага боку людзі скандуюць «Слава Украіне!», «Героям слава!» і «Ганьба!».

У натоўпе пацярпелі міліцыянты. Праваахоўнікі не могуць стрымаць натоўпу, які размясціўся на парозе парламенту.

{movie}Трансляцыя Espreso TV|right|15019{/movie}

Людзей заклікаюць зрабіць калідор, каб медыкі маглі аказаць дапамогу пацярпелым.

Сённяшняя сесія крымскага парламенту не адбылася, бо не ўдалося сабраць кворуму. Старшыня Вярхоўнай Рады Крыму Уладзімір Канстанцінаў адкрыў паседжанне, але ў зале зарэгістравалася ўсяго 49 дэпутатаў, чаго было не дастаткова для кворуму.



Сёння крымскі парламент меўся разгледзець пытанне даверу ўраду аўтаномнай вобласці, а таксама цяперашнюю палітычную сітуацыю. Прыхільнікі дэмакратычных зменаў асцерагаліся, што парламентары могуць заявіць пра намер выхаду са складу Украіны.

Частка дэманстрантаў патрабуе правядзення рэферэндуму ў пытанні, ці мае Крым застацца ў складзе Украіны, далучыцца да Расеі ці нават абвесціць незалежнасць.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў