Арганізатары Алімпіяды ў Сочы не сталі слухаць пра генацыд чаркесаў


Паўтара стагоддзя таму жыхары пасёлку Красная Паляна сталі сведкамі ўрачыстага вайсковага параду вялікага князя Міхаіла – брата цара Аляксандра II. Тады Расейская імперыя святкавала канчатковы крах супраціву аднаго з народаў Паўночнага Каўказу – чаркесаў. Яны больш за трыццаць гадоў стрымлівалі расейскую навалу ды імперскія планы «памазанніка Божага» дзеля пашырэння свайго ўплыву ў паўднёвым кірунку аж да Індыі.

Як султан цару чаркесаў падарыў

Фінальны этап расейска-чаркескага супрацьстаяння пачаўся ў 1830 годзе, пасля падпісання мірнага пагаднення ў Адрыянопалі (1829 г.), што паклала канец расейска-турэцкай вайне. Султан аддаў пад кантроль Расеі паўднёва-ўсходнюю частку ўзбярэжжа Чорнага мора і прылеглыя землі (у тым ліку Адыгею, Чаркесію). Жыхары гэтых горных раёнаў без асаблівага энтузіязму ўспрынялі факт далучэння да Расеі.

Каўказскі досвед падаўлення лістападаўскага паўстання

Гісторык з Горадні, прафесар Вячаслаў Швед кажа:

Царскі генерал Іван Паскевіч перш як заняцца падаўленнем паўстання 1830–1831 гадоў, паспеў паваяваць на Каўказе і там таксама браў удзел у задушэнні паўстання чачэнцаў і чаркесаў, за што і атрымаў узнагароду. На Каўказ ён прыбыў у 1827 годзе, дзе заняў пост генерала Аляксея Ярмолава. Паскевіч пачаў выкарыстоўваць супраць мясцовага насельніцтва крывавыя карныя экспедыцыі. Не дзіўна, што пасля ён заліў крывёю абаронцаў Варшавы ў 1831 годзе. Пад канец жыцця генерал атрымаў ад цара велізарны надзел зямлі, на якім пабудаваў палац”.

Адзін з удзельнікаў тых падзеяў, нарадзінец Полацку, імператарскі генерал Фёдар Торнаў аднойчы паспрабаваў растлумачыць аднаму з жыхароў Чаркесіі тонкасці міжнароднай палітыкі ды чаму ягоная радзіма цяпер належыць цару. У адказ на тлумачэнні палачанін атрымаў “элегантную аплявуху”. Султан падарыў вас цару”, – сказаў генерал. “Я разумею, – адказаў стары чаркес і паказаў птушку, якая сядзела на дрэве. – Генерал, я б хацеў падарыць вам гэтую птушку – бярыце”.

Палову перабіць, каб другая палова паддалася

Расейскі вайсковы гісторык Расціслаў Фадзееў у кнізе “Шэсцьдзесят гадоў Каўказскай вайны”, адзначыў, што 150 гадоў таму царскія ўлады паставілі перад сабою мэту этнічнай чысткі на захопленых тэрыторыях: “Трэба было выбіць палову горцаў, каб іншая палова была вымушана скласці зброю. Тым не менш, не больш за адну дзесятую памерлых сталі ахвярамі зброі. (…) астатнія гінулі ў лясах і гарах праз недахоп харчоў і суровыя зімы”.

Пешкі ў вялікай гульні

Адважныя горцы сталі пешкамі ў гульні вялікіх дзяржаваў. Адыгейскае паўстанне было на руку не толькі Турцыі, але і Вялікай Брытаніі, якая баялася ўзмацнення пазіцыяў Расеі ў Цэнтральнай Азіі ды выхаду расейцаў на шлях да Індыі. Вайну на Каўказе спрабавалі выкарыстаць і польскія палітычныя ўцекачы, згуртаваныя вакол Ежы Чартарыйскага, які спадзяваўся, што гэта выкліча расейска-брытанскую вайну і прывядзе да вызвалення Польшчы з-пад расейскага ярма. Эмісары Чартарыйскіх арганізавалі кантрабанду зброі, зладзіўшы гэтак палітычную правакацыю. Брытанскі карабель “Vixen” наўмысна трапіў у рукі расейцаў, што мела справакаваць канфлікт з Вялікаю Брытаніяй, якая, аднак, так і не знайшла саюзнікаў для вайны з Расейскаю імперыяй.

Цар дае вам выбар: Турцыя або Сібір

Расея была бязлітасная да чаркесаў. У чэрвені 1864 года цар пастанавіў, што ўсе чаркесы, якія цягам месяца не пакінуць межаў Расейскай імперыі, будуць сасланыя ў Сібір. Чаркесы, або, як іх яшчэ называлі, адыгейцы не маглі больш жыць пад прыгнётам царызму і былі дэпартаваныя ў краіны Асманскай імперыі, шмат хто з іх памёр дарогаю або пасля прыбыцця з-за хваробаў і голаду. Тады было дэпартавана каля паўмільёна асобаў.

Цар выгнаў, султан адрокся

Асманская імперыя, якая ўзяла на сябе адказнасць за рассяленне дэпартаваных чаркесаў, дрэнна выканала ролю апекуна. Султан з энтузіязмам вітаў мусульманаў з Каўказу, але не дапамог ім пасля перасялення.

Да сённяшняга дня чаркесы жывуць у Сірыі, Іярданіі, Іраку, Ліване, Палестыне, і, вядома, ў Турцыі.

Нашчадкі ссыльных гучна пратэставалі супраць зімовых Алімпійскіх гульняў у Краснай Паляне – на іхную думку, яна ёсць сімвалам забытага генацыду. На месцы Краснай паляны раней быў горад Кбаадэ – апошні рубеж супраціву непакорных горцаў.



Чаму чаркесы не ядуць рыбы з Чорнага мора?

Чаркес з Іарданіі Раэд Тука кажа:

Калі справа дайшла да дэпартацыі, шмат якія чаркесы ў роспачы кідаліся ў мора і патанулі падчас пераправы. Менавіта таму чэркесы не ядуць рыбы, якая калісьці ела іхных сваякоў”.

Алімпіяда нагадала пра генацыд

Генацыду чаркесаў не прызнала ніводная дзяржава, акрамя Грузіі. Праўда, Барыс Ельцын на пачатку 1990-х назваў вайну на Каўказе справядліваю. У савецкія часы насельніцтва, якое засяляла былую Чаркесію, падзялілі межамі некалькіх рэспублікаў, часта спалучаючы несумяшчальныя адзін з адным народы.

Алімпіяда ў Сочы была нагодаю для адыгейска-чаркескай дыяспары згадаць пра сваю гісторыю. Але гісторыя забытага генацыду нікога не кранула. Байкатаваць Алімпійскіх гульняў не сталі. Чаркесы, аднак, лічаць, што сам факт згадвання іхнай гісторыі ў сусветных медыях – гэта ўжо поспех. “Пуцін хацеў арганізаваць Алімпіяду ў Сочы і сцерці памяць нашага народу. Яму не ўдалося. Менавіта дзякуючы гульням у міжнародных медыях з’явіліся дзесяткі артыкулаў пра чаркесаў і пра тое, што з імі здарылася 150 гадоў таму. Гэтая праўда трапіла і ў галовы некаторых расейцаў”, – кажа чаркес з Іярданіі Раэд Тука.

Раэд Тука – арганізатар пратэстаў супраць Алімпійскіх гульняў у Сочы. Ён апавядае: “Чаркесы з пакалення ў пакаленне пераказваюць гісторыю і назвы месцаў, дзе нарадзіліся іхныя родныя. Мае продкі жылі ў Турцыі, а пасля пераехалі ў Іярданію, дзе служылі ў войску караля Хусэйна. Але я ведаю, што мая сям’я больш за 150 гадоў таму жыла ў Нальчыку (сёння сталіца Кабардзіна-Балкарыі). Кожны чаркес мае свой герб, які пацвярджае сяброўства ў адной з 12 сем’яў. На чаркескім сцягу, дарэчы, 12 зорак. Чаркесы ў выгнанні спрабуюць жыць разам, каб не страціць сваёй мовы і культуры”.

ЯБ, ЮВ, belsat.eu

Крыніцы:

http://www.apn.ru/publications/article20237.htm

http://www.phw.org.pl/historia-wojskowosci/wojny-bitwy-kampanie/wojny-xix-w/98-my-nie-jestemy-rosjanami-ksi-czartoryski-i-czerkiesi-z-dziejow-i-wojny-kaukaskiej.html

http://www.natpress.ru/index.php?newsid=5907

http://wyborcza.pl/alehistoria/1,132521,13886008,Ludobojstwo_Czerkiesow.html

Стужка навінаў