Як беларускіх дыпламатаў ператварылі ў каміваяжораў


Каб забяспечыць эканамічны рост, неабходна неадкладна нарасціць экспарт і абараніць ад замежнай канкурэнцыі айчынны рынак. Гэтую тэму абмяркоўвалі на паседжанні калегіі Міністэрства замежных справаў. Ці паспрыяе ператварэнне дыпламатаў у бізнесоўцаў эканамічным поспехам краіны?

Амаль 7 % – менавіта настолькі адмоўнае сальда Беларусі запаволіла леташні эканамічны рост. Праблему на сённяшнім паседжанні МЗС канстатаваў кіраўнік ведамства.

{movie} Дыпламаты-каміваяжоры|right|14862{/movie}

УЛАДЗІМІР МАКЕЙ, КІРАЎНІК МЗС РБ:

“На жаль, шэраг лічбаў, у тым ліку сальда і экспарту, не адпавядаюць прынятым прагнозным параметрам”.

Але ці цалкам гэта віна беларускіх амбасадараў?

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“МЗС, вядома, не можа выканаць эфектыўна экспартных паставак, бо гэта не іх прафесійныя абавязкі, гэта – праца саміх прадпрыемстваў”.

Прадпрыемствы летась здолелі разгрузіць свае склады толькі адным спосабам – скараціўшы летась вытворчасць на 7 %. Між тым, як адзначыў у сваёй сённяшняй справаздачы Нацбанк, нягледзячы на дэклараваную кампанію мадэрнізацыі, улады ўжо другі год запар скарачаюць інвестыцыі ў новае абсталяванне на перапрацоўчай вытворчасці. А са старога абсталявання і прадукцыя сыходзіць адпаведная.

ПАВЕЛ ЛАТУШКА, АМБАСАДАР РБ У ФРАНЦЫІ:

“Нашая тэхніка на прэзентацыях тэхнікі ў тых краінах, дзе мне даводзіцца працаваць, проста ломіцца. І, вядома ж, які ж можа быць давер да тае прадукцыі, якая ўжо нават на першай прэзентацыі можа паламацца?”



Але праблемы ў беларускім экспарце – не толькі з тэхнікаю. Паводле ўдзельнікаў калійнага рынку, “Беларуськалію” ўдалося дамовіцца аб экспарце калійных угнаенняў у Кітай на 1 мільярд долараў. Дзякуючы гэтаму складскія запасы ў Беларусі знізіліся ў снежні да рэкордна нізкага за дзесяць месяцаў узроўню. Але якім коштам? У той час як іншыя калійныя вытворцы пакідаюць атрыманую выручку ў фірмовай касе, афіцыйны Менск адначасова з мільярдным калійным кантрактам быў вымушаны замовіць на гэткую ж суму тавараў і паслугаў у кітайскіх карпарацыяў – пад праекты з сумнеўнаю акупнасцю.

Эксперты канстатуюць: няздольнасць прадаць нават калій, акрамя як праз бартар – вынік таго, што працу прафесіяналаў-маркетолагаў выконваюць дзяржаўныя чыноўнікі.

АЛЯКСАНДР СІНКЕВІЧ, ЭКАНАМІСТ:

“Гэты год, напэўна, будзе яшчэ горшы ў плане экспарту, чым мінулы, калі не будуць знойдзеныя нейкія чарговыя растваральныя схемы ці нейкія такія дамоўленасці”.

Пакуль жа афіцыйны Менск спрабуе кампенсаваць страту замежных рынкаў – лабіюючы пратэкцыянізм у рамках Мытнага саюзу. Напрыклад, беларускую “Мілавіцу” засцераглі ад канкурэнцыі, забараніўшы імпарт сінтэтычных замежных майткоў.

Што да больш грунтоўных захадаў для ўратавання існай эканамічнай мадэлі, улады не здолелі іх прыдумаць і на сённяшняй калегіі.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў