З Беларусі сыходзяць заходнія брэнды, а Лукашэнка за гэта дзякуе Богу


Апошняя крама «H&M» працягне працаваць у Беларусі да канца лістапада. Сыходзіць таксама і «Макдональдс», пра які Лукашэнка згадаў падчас сустрэчы з аграрыямі.

Апошняя ў Беларусі крама брэнду «H&M» у ГЦ «Palazzo» зачыніцца ў канцы лістапада. Такую інфармацыю распаўсюджвае выданне myfin.

Крама «H&M».
Фота: Shutterstock

Брэнд «H&M Group» прыпыніў сваю працу ў Беларусі і Расеі сёлета ў сакавіку. У верасні кампанія агучыла, што будзе працаваць, пакуль не распрададуць свой тавар, а пасля гэтага «H&M» канчаткова сыдзе з рынку краіны.

Зрэшты, выглядае, што ўлады краіны не асабліва турбуе сыход заходніх брэндаў з Беларусі. 18 лістапада, падчас сустрэчы з аграрыямі, Аляксандр Лукашэнка згадаў «Макдональдс», які спыніць працу з 21 лістапада.

«Я заўсёды вас заклікаю: харчуйцеся, спажывайце сваё, не кідайцеся на заморскае. Гэта сёння актуальна гучыць у плане таго, што некаторыя, асабліва сярод моладзі (ды і, напэўна, сярэдняга ўзросту, а можа, і старэйшага), сталі ахаць і вохкаць: «Ах, «Макдональдс» сыходзіць». Я думаю: слава табе Божа, што хоць сыходзіць! Але толькі месца «Макдональдса», дзе працуюць нашыя людзі, нашыя спецыялісты, дзе спажываецца наш тавар, павінныя заняць беларусы», – сказаў Лукашэнка.

Рэстараны «McDonald’s» у Беларусі закрыюцца 21 лістапада, а з 22 лістапада у гэтых жа будынках пачне працаваць расейскі брэнд «Вкусно – и точка», паведамляецца ў Instagram сеткі.

Разбор
Польскі «Лідскі квас» перасталі вырабляць. Дзе цяпер у Польшчы купіць беларускія прадукты?
2022.11.18 08:00

 

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў