Самагубства, праблемы з сэрцам і няшчасныя выпадкі. Як хваля смерцяў захліснула расейскі бізнес


За 2022 год у Расеі загінулі каля двух дзясяткаў топ-мэнэджараў расейскіх кампаній. Прыкладна палова з іх была звязана з нафтагазавай галіной («Газпром», «Лукойл», «Сибур», «Новатэк»). Гэта супадзенне або ўжо тэндэнцыя? І ці значыць гэта, што расейскі бізнес вяртаецца ў «ліхія 1990-я»?

Аляксандр Русецкі.
Фота: gazeta.ru

У падмаскоўным Дамадзедава 16 лістапада знайшлі цела 63-гадовага бізнэсоўца, забітага стрэлам у галаву. Як паведамляецца, забіты – ураджэнец Беларусі Аляксандр Русецкі. Ён быў заснавальнікам ТАА «Комтранс», ТАА «Инфорком-автосервис», ТАА «Технический центр Инфорком», якія прадастаўляюць паслугі па рамонце і продажы аўтазапчастак для грузавых аўтамабіляў.

Забойства Русецкага ўжо само па сабе нагадвае пра «ліхія 1990-я», калі расейскі бізнэс цесна сплятаўся з мафіяй і сілавымі структурамі, а эканамічныя пытанні ў тым ліку вырашаліся пры дапамозе зброі. Аднак гэта толькі адзін эпізод у шэрагу смерцяў расейскіх бізнесменаў і топ-мэнэджараў у 2022 годзе. І далёка не самая значная і загадкавая. Каля паловы з загінулых топ-мэнэджэраў вырашылі здзейсніць суіцыд, а яшчэ ў чвэрці апынуліся праблемы з сэрцам. Прыкладна палова раптоўна памерлых была звязана з нафтагазавай галіной.

Смерці ў нафтагазе

29 студзеня ў сваім асабняку ў Ленінградскай вобласці быў знойдзены мёртвым 60-гадовы кіраўнік транспартнай службы «Газпром инвеста» Леанід Шульман. Ён знаходзіўся на бальнічным з траўмай нагі. Цела знайшлі ў ваннай з нажом і перадсмяротнай запіскай, у якой гаварылася, што топ-мэнэджар праз траўму нагі не хоча быць «клопатам».

Менш чым праз месяц, 25 лютага, у элітным пасёлку Ленінскае ў гаражы павесіўся яшчэ адзін топ-мэнэджар «Газпрома» Аляксандр Цюлякоў. На момант смерці ён займаў пасаду намесніка гендырэктара адзінага разліковага цэнтра кампаніі – мясцовага казначэйства.

18 красавіка ў іх маскоўскай кватэры знайшлі целы былога віцэ-прэзідэнта «Газпромбанка» Уладзіслава Аваева, яго жонкі і 13-гадовай дачкі. Паводле версіі следства, банкір застрэліў блізкіх, а пасля пакончыў з сабой. Пасля сыходу з «Газпромбанка» Аваеў быў саўладальнікам ТАА«Карбоникс» –  вытворцы косцезамяшчальных вугляродных імплантаў. Таксама ён валодаў доляй у ТАА «РТ-Карбон», якая належыць «Ростеху».

Аляксандр Цюлякоў, Уладзіслаў Аваеў і Юрый Воранаў. Калаж: novayagazeta.ru / kp.ru / life.ru

4 ліпеня гендырэктар падрадчыка «Газпрома» на арктычных праектах – кампаніі «Астра Шиппинг» Юрый Воранаў быў знойдзены мёртвым у басейне на тэрыторыі ўласнага ўчастка ў пасёлку на беразе Фінскага заліва. У яго была прастрэленая галава.

Закранулі смерці і іншыя кампаніі галіны. Так, 1 верасня пад вокнамі Цэнтральнай клінічнай бальніцы знайшлі цела старшыні савета дырэктараў «Лукойла» Равіля Маганава. На лячэнне ён трапіў праз праблемы з сэрцам, а потым, на думку праваахоўнікаў, выкінуўся з бальнічнага акна.

Раней, 8 мая, у падвале прыватнага дома пад Мыцішчамі быў знойдзены мёртвым Аляксандр Субоцін – былы член праўлення ТАА «Торговый дом “Лукойл”», які стаў затым уладальнікам «Новой транспортной компании». Нібыта ён прыехаў да шамана ў стане моцнага алкагольнага і наркатычнага ап’янення для правядзення «антыпахмельных» рытуалаў. Афіцыйна ж Субоцін памёр ад сардэчнай недастатковасці.

Акрамя таго, 7 лютага ў Аргенціне загінуў кіраўнік фінансава-эканамічнага ўпраўлення інвестыцыйнага холдынгу «ТАИФ» (уваходзіць у нафтагазахімічны холдынг «Сибур») Дзмітрый Цясленка. Падчас узыходжання на гару ён адчуў сябе дрэнна, страціў прытомнасць і памёр ад спынення сэрца.

3 сакавіка ў сваім асабняку ў Англіі быў знойдзены павешаным Міхаіл Уотфорд (ён жа Таўсташэя). Паліцыя не палічыла яго смерць «выклікаючай падазрэнні», але і матыў суіцыду патлумачыць не магла, паведамляла «Daily Mail». Уотфард зарабіў багацце на здабычы нафты і газу ў Расеі, а ў пачатку 2000-х эміграваў у Вялікабрытанію, дзе змяніў прозвішча і заняўся нерухомасцю.

У красавіку паліцыя Іспаніі на элітнай віле ў курортным Льорэт-дэ-Мар выявіла целы былога топ-мэнэджэра «Новатэка» Сяргея Пратасені, яго жонкі і дачкі. Побач з бізнэсмэнам былі знойдзеныя сякера і нож. Па версіі іспанскай паліцыі, Пратасеня спачатку забіў сваю сям’ю, а потым пакончыў з сабой. Ён з 2002 года быў галоўным бухгалтарам «Новатэка», а ў 2015 годзе ўваходзіў у склад праўлення.

Ад медыцыны да фастфуду

Але гінулі топ-мэнэджэры не толькі ў нафтагазавай галіне. Так, 8 лютага стала вядома пра смерць 43-гадовага гендырэктара Карпарацыі развіцця Далёкага Усходу і Арктыкі Ігара Носава – ён памёр у рэанімацыі пасля інсульту. 10 верасня памёр яшчэ адзін прадстаўнік гэтай жа карпарацыі – дырэктар авіяцыйнай галіны Іван Пячорын. Ён на хаду выпаў з катэра ў Японскім моры. Дарэчы, у сферу дзейнасці карпарацыі ўваходзіць у тым ліку і дапамога ў рэалізацыі інвестпраектаў у нафтагазавай галіне.

Ігар Носаў, Уладзімір Габрыелян, Дзмітрый Канаплёў. Калаж: government-nnov.ru / eg.ru / tula.kp.ru

23 сакавіка ў Ніжнім Ноўгарадзе знайшлі мёртвым дырэктара буйной медыцынскай кампаніі «Медстом» Васіля Мельнікава, а таксама яго жонку і двух дзяцей – ва ўсіх былі нажавыя раненні. Па адной з версій, бізнэсмэн мог забіць сябе і сваю сям’ю.

6 чэрвеня ў Ненецкай аўтаномнай акрузе загінулі першы намеснік гендырэктара VK Уладзімір Габрыелян і дырэктар кампаніі па закупках Сяргей Мерзлякоў, якія знаходзіліся ў экспедыцыі па беразе Белага мора. Пры спробе пераправіцца праз раку іх ўсюдыходы перакуліліся, і плынь панесла іх у моры.

16 чэрвеня ў сваім доме ў Падмаскоўі знайшлі цела былога гендырэктара дзяржкампаніі «Росвооружение», якая займалася экспартам і імпартам зброі (цяпер – «Рособоронэкспорт») Аляксея Агарова. Бачных прыкмет гвалтоўнай смерці не выявілі.

23 ліпеня ў Туле памёр дырэктар канструктарскага бюро прыборабудавання Дзмітрый Канаплёў. Ён памёр у прыватнай клініцы падчас сеансу ксенатэрапіі – удыхання інэртнага газу ксенону.

28 верасня стала вядома пра смерць Паўла Пчэльнікава, топ-мэнэджара РЧ, які займаў пасаду дырэктара па камунікацыях ў даччынай кампаніі ТАА «Цифровая логистика», якая спецыялізуецца на грузавых перавозках. Труп мужчыны знайшлі на балконе яго кватэры. Афіцыйная версія мяркуе суіцыд.

31 кастрычніка ў Маскве ў элітным жылым комплексе «Воробьёвы горы»  знайшлі мёртвым 39-гадовага бізнэсоўца Арцёма Асланяна. Цела з кулявым раненнем выявіў супрацоўнік камунальных службаў. Асланян быў заснавальнікам і сузаснавальнікам кампаній па дастаўцы ролаў «Bluefin», сеткі кафэ турэцкай кухні «Истанбул Кебаб», фірмы па кейтэрынгу «Москоу Фуд», кампаній «Парк Менеджмент» і «Курская площадь».

Амаль няма інфармацыі

Як адзначае расейская журналістка Вікторыя Паўлава, большасць гэтых смерцяў аб’ядноўвае «амаль поўная адсутнасць інфармацыі аб ходзе следства».

«Заўсёды ўсё завяршаецца публікацыяй папярэдняй інфармацыі. І загадкавым чынам вінаватыя ў гібелі заўсёды аказваюцца… ужо мёртвыя. Гэтыя выпадкі не каментуе ніхто з вядомых людзей. Часам толькі прабіваюцца абрыўкі інфармацыі аб даволі дзіўным ходзе расследавання», – піша журналістка

У каментары «Белсату» эксперт у нафтагазавай сферы Міхаіл Круціхін адзначыў, што будаваць здагадкі аб прычынах шэрагу смерцяў топ-мэнэджараў і буйных бізнэсоўцаў, у прыватнасці, у нафтагазавай сферы, «на адлегласці і без дастатковай інфармацыі» немагчыма.

«Наўмысныя забойствы практыкаваліся ў Расейскай нафтагазавай галіне на даволі доўгім працягу часу пачынаючы з 1990-х гадоў. Гэта было. Але што адбылося ў кожным канкрэтным выпадку цяпер, у адсутнасць інфармацыі, я сказаць не магу»,  падкрэсліў эксперт.

Эканаміст з заснаванага лідарам расейскай апазіцыі Аляксеем Навальным Фонду барацьбы з карупцыяй Мікіта Кулачэнкаў таксама не выключыў, што ў больш цяжкія часы людзі могуць паміраць часцей.

Макар Мыш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў