Беларусь можа зарабляць мільёны долараў на солі ў Польшчу


У мінулым годзе Беларусь магла паставіць у Польшчу больш за 100 тысяч тон вываранай, каменнай і паваранай солі. Аб’ёмы экспарту працягваюць расці, і гэта можа прыносіць беларускаму бюджэту мільёны долараў, піша выданне wnp.pl.

Тэхнічная соль, Беларуськалій.
Фота: ТПК Вендор

Беларуская соль пастаўляецца пераважна пакупнікам з Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, найбуйнейшым рынкам рэгіёну зʼяўляецца Польшча.

Па дадзеных Еўрастату, у 2021 годзе экспарт беларускай солі ў Еўразвяз склаў каля 774 тысяч тон. У 2022 годзе абʼёмы зменшыліся да прыкладна 255 тысяч тон. За першыя 11 месяцаў 2023 года экспарт беларускай солі толькі ў Польшчу склаў больш за 64 тысяч тон. Польскія гульцы рынку мяркуюць, што ў 2023 годзе агульная колькасць паставак перавысіць 100 тысяч тон.

«Беларуськалій» і «Мазырсоль» карыстаюцца тым, што санкцыі ўведзены супраць не ўсіх відаў прадукцыі прадпрыемстваў. Нагадаем, Еўразвяз не ўводзіў санкцыяў адносна паставак харчовых прадуктаў, у тым ліку супраць кухоннай солі – асноўнага віду прадукцыі «Мазырсолі».

Найбуйнейшы беларускі вытворца солі «Беларуськалій» знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу, аднак «Мазырсолі» у абмежавальным спісе няма. Польскія вытворцы сцвярджаюць, што абедзве кампаніі актыўна супрацоўнічаюць у абыходзе санкцый: соль, вырабленая на «Беларуськаліі», змешваецца з мазырскай і пад брэндам апошняй трапляе на польскі рынак.

Каментар
Хто блакуе еўрапейскія санкцыі супраць Лукашэнкі? Польскі міністр зрабіў два намёкі
2024.02.05 18:30

Польскія прадпрыемствы звяртаюцца да ўрада з просьбай увесці санкцыі супраць «Мазырсолі». Звярнем увагу на тое, што супраць прадстаўнікоў кіраўніцтва «Мазырсолі» Генадзя Богдана і Алега Эйбатава ўжо ўвялі індывідуальныя санкцыі.

Палкоўнік Алег Эйбатаў быў камандзірам вайсковай часткі 1257 у Мазыры. У 2022 годзе ён трапіў пад санкцыі за суўдзел у ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. У жніўні 2022 года ён звольніўся са службы і ўладкаваўся на «Мазырсоль» у якасці намесніка дырэктара ў пытаннях бяспекі, рэжыму і кадраў. Звычайна асобы на гэтых пасадах адказваюць за рэпрэсіі на прадпрыемстве.

Былы кіраўнік «Мазырсолі» Генадзь Богдан трапіў пад санкцыі ў 2020 годзе. У той час ён ужо працаваў намеснікам кіраўніка справамі Аляксандра Лукашэнкі.

Hавiны
Улады Беларусі зноў кажуць пра харчовую небяспеку праз санкцыі супраць «Беларуськалію»
2023.09.15 20:14

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў