Турызм «адпачывае». Але сярод папулярных у беларусаў кірункаў адпачынку з'явіліся Мальдывы


Турыстычная галіна Беларусі перажывае не найлепшыя часы – скарачаецца колькасць удзельнікаў рынку, змяншаюцца турыстычныя плыні. Набыў моц новы закон «Аб турызме», які абавязвае кампаніі адлічваць грошы ў гарантыйны фонд, што не дадасць ім фінансавай устойлівасці. Паглядзелі, як падзеі апошняга часу паўплывалі на сферу турызму. 

Турыстка ў аэрапорце. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pixaby.com

Што адбываецца з турфірмамі і турызмам

Афіцыйныя вынікі турыстычнага года звычайна публікуюцца дзесьці ў сакавіку. Але ў публічнай прасторы ўжо ёсць некаторыя звесткі, якія дазваляюць зразумець, што прынёс беларускаму турызму 2022 год.

Гэтак, летась працягнула скарачацца колькасць арганізацыяў, што надаюць турыстычныя паслугі. Гэты важны трэнд захоўваецца з 2020 года. Паводле звестак Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацыяў (РСТА), напрыканцы 2022 года ў Беларусі налічвалася каля 1250 удзельнікаў рынку (каля 50 тураператараў і прыблізна 1200 турагентаў). Гэта на 65 арганізацыяў меней, чым у 2021 годзе (тады было 1315 турарганізацыяў). Усяго ж з пачатку 2020 года да пачатку 2023-га з беларускага рынку турпаслугаў сышлі 294 арганізацыі.

«Гэта адно з самых важных сведчанняў крызісу ў турыстычнай сферы, – каментуе «Белсату» сітуацыю на ўмовах ананімнасці  былы кіраўнік адной з менскіх турыстычных кампаніяў, што спыніла сваю дзейнасць у 2020 годзе. – Нехта не вытрымаў локдаўну, для кагосьці крытычнай сталася забарона на палёты самалётамі большасці замежных кампаніяў пасля гісторыі з «Ryanair». Ну і санкцыйныя наступствы вайны – не зразумелая да канца гісторыя з банкаўскімі картамі, мноства новых цяжкасцяў з атрыманнем візаў. У 2023-м будзе працяг гісторыі, бо набыў моц новы Закон аб турызме. Калі коратка, трэба рабіць адлічэнні ў гарантыйны фонд, які, як лічыцца, дазволіць разлічыцца з пакупнікамі турпуцёвак, калі раптам здарыцца які збой. Каб заплаціць дадатковыя грошы, трэба недзе іх узяць. А дзе іх браць, як не ад кошту паслугаў? Пры тым, што цэны і так высокія».

Турыстычныя плыні скараціліся і аднаўляюцца слаба

І колькасць турыстаў, што прыязджаюць у Беларусь, і колькасць беларусаў, што адпачываюць за мяжой, у 2020 годзе таксама рэзка прасела і дагэтуль яшчэ не аднавілася.

«Такі быў спад попыту на пуцёўкі праз гэтую пандэмію, што мы з калегамі зноўку адчувалі сябе ў 1990-х гадах паводле колькасці кліентаў. Дакладней нават не спад – пуцёвак раптам не стала, бо паўсюль здарыўся локдаўн», – успамінае эксперт. Падобныя ж думкі выказвае і РСТА, адзначаючы, што турыстычная актыўнасць у 2020 годзе ў Беларусі адпавядае паказнікам 1991 года.

Тут трэба ўдакладніць, што прыведзеныя вышэй лічбы – гэта паказнікі так званага арганізаванага турызму, калі людзі набылі пуцёўкі і паехалі. Пры гэтым што датычыць уязнога турызму ў 2020 годзе, то РСТА прыводзіць лічбу 34 156 турыстаў. Белстат кажа пра 81 тыс., удакладняючы, што гэта разам з колькасцю тых, хто набыў квіткі на экскурсіі па беларускіх маршрутах.

Таксама звяртае на сябе ўвагу тая акалічнасць, што і ў статыстычным бюлетэні, які грунтуецца на звестках 2021 года, і на прэс-канферэнцыі з папярэднімі турыстычнымі вынікамі 2022 года дзяржаўныя ўстановы пачынаюць усё актыўней ужываць і іншыя лічбы, значна большыя, якія грунтуюцца на звестках Дзяржаўнага памежнага камітэту. Насамрэч гэтыя паказнікі адлюстроўваюць, колькі людзей заехала/выехала праз мяжу Беларусі, але іх таксама пачалі называць паказнікамі турызму. Аднак і колькасць падарожнікаў праз межы з любой мэтай, хоць і значна большая за колькасць арганізаваных уязных і выязных турыстаў, таксама дэманструе значны спад у паездках.

Нягледзячы на большыя лічбы паездак, бачна, што ў 2020 годзе паказнікі паменшыліся ўтрая, у 2021-м колькасць падарожнікаў яшчэ зменшылася. У 2022-м, падобна, трэнд на змяншэнне колькасці турыстычных паездак быў працягнуты. Лічба яшчэ няпоўная, але адносна 2019 года можна прагназаваць значнае зніжэнне.

Як змяніўся топ-5 краінаў для замежнага адпачынку беларусаў

Паводле Міністэрства спорту і турызму, найбольшая колькасць людзей з турыстычнымі мэтамі ў 2022 годзе прыехалі з Расеі, Латвіі, Літвы і Польшчы. Трэба адзначыць, што госці з Расеі традыцыйна шмат едуць у Беларусь. Што тычыцца Латвіі, Літвы і Польшчы, то тут, як мяркуюць чыноўнікі, станоўча паўплываў бязвізавы рэжым, які працягнуты і сёлета. У той жа час гэтых краінаў няма ў топ-5 кірункаў, з якіх госці прыязджалі ў Беларусь у 2021 годзе.

Дзяржаўныя органы Беларусі пакуль што не апублікавалі звестак пра краіны, куды актыўней за ўсё падарожнічалі беларусы. Але РСТА ў матэрыялах апытання пра дзейнасць турыстычных арганізацыяў у 2022 годзе называе наступныя пяць самых папулярных кірункаў, куды беларусы выязджалі ў падарожжы: Турцыя, Егіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Грузія і Мальдывы.

Егіпет працяглы час заставаўся турыстычным кірункам № 1, але паводле папярэдніх вынікаў 2022 года гэтая краіна, хутчэй за ўсё, сышла з першай пазіцыі на другую. Паводле эксперта, гэта адбылося таму, што туры ў Егіпет падаражэлі, бо стаўся больш дарагім пералёт. З прычыны вайны самалёты «Белавіі» не лётаюць праз Украіну, а ў выніку санкцыяў – і праз краіны Еўропы. Маршруты ў аблёт больш працяглыя.

З цікавых і заўважных пераменаў у топ-5 турыстычных кірункаў для беларусаў – знікненне пасля 2020 года краінаў ЕЗ, а пасля 2022 года знікненне і Украіны, у якую традыцыйна шмат беларусаў ездзілі на адпачынак.

Якія турыстычныя кірункі будуць папулярнымі ў беларусаў у 2023 годзе

«Увогуле, цяпер на папулярнасць таго ці іншага турыстычнага кірунку апроч цаны туру і лагістыкі падарожжаў уплываюць візавыя пытанні. Ясна, што любы турыстычны кірунак са складанай працэдурай атрымання візаў ці з неабходнасцю вакцыны, ковід-тэсту і г. д. будзе саступаць кірунку, куды не трэба нічога апроч пашпарта. У гэтай сувязі зразумелыя чаканні ў 2023 годзе, што працягне расці папулярнасць адпачынку на Каўказе – у тых жа Грузіі і Абхазіі», – тлумачыць эксперт.

Паводле суразмоўцы «Белсату», у 2023 годзе беларусам будуць прапаноўваць пляжны адпачынак (самы папулярны від тураў у летні сезон) у Расею, Арменію і іншыя краіны Каўказу, у Турцыю, Егіпет, Арабскія Эміраты, на Мальдывы, у Тайланд (амаль усе ковідныя абмежаванні знятыя).

Пры гэтым трэба ўлічваць, што «шлях самалётам наўпроставым рэйсам з Менску ў Турцыю і ААЭ складае 6 гадзінаў, а ў Егіпет яшчэ больш – каля 9,5 гадзіны, з дазапраўкай».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў