Сяброўскія гульні спецслужбаў або ядравая вайна? Да чаго вядзе канфлікт Ірану з Пакістанам


Іран і Пакістан абменьваюцца ракетнымі ўдарамі, хоць іх адносіны былі нядрэннымі. Адбываецца гэта на фоне абвастрылася канфлікту на Блізкім Усходзе. «Белсат» даведаўся, праз што праблемы і ці ператворыцца гэта ў буйную вайну.

Мужчына глядзіць навіны ў краме пасля таго, як Міністэрства замежных спраў Пакістану заявіла, што краіна нанесла ўдары па сепаратысцкіх баевіках на тэрыторыі Ірану, Пакістан 18 студзеня 2024 года.
Фота: FAYAZ AZIZ / Reuters / Forum

Што здарылася?

Пакістан абстраляў ракетамі і дронамі іранскія правінцыі 18 студзеня. Там, калі верыць Ісламабаду, хаваліся групоўкі, якія ў Пакістане лічацца тэрарыстычнымі. Гэта арганізацыі «Армія вызвалення Белуджыстану» і « Фронт вызвалення Белуджыстану». Яны змагаюцца за аўтаномію Белуджыстану (правінцыя Пакістану). У выніку атакі загінулі дзевяць чалавек.

Гэта стала адказам на ракетныя ўдары Ірану па Пакістане 16 студзеня. Тады ж Іран абстраляў Ірак і Сірыю. Паводле пакістанскага боку, загінулі дзевяць чалавек, у тым ліку чацвёра дзяцей. Іран сцвярджае, што біў па хованках баевікоў тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламскай дзяржавы» і месцах знаходжання агентаў ізраільскага «Масаду».

Прэтэнзіі ў Ірану да Ізраілю таму, што Тэгеран лічыць, што «Масад» прыклаў руку да выбуху у іранскім горадзе Керман. Тады загінула не менш за 95 чалавек, яшчэ каля 170 былі параненыя.

Пакістан і Іран даўно папракаюць адзін аднаго ва ўкрывальніцтве тэрарыстаў.

Hавiны
Іран нанёс удары ракетамі і дронамі па тэрыторыі Пакістану
2024.01.16 22:47

Гэта ўжо азначае вайну паміж краінамі?

Нягледзячы на агрэсію, рана казаць пра вайну паміж Іранам і Пакістанам, лічыць усходазнаўца Руслан Сулейманаў.

«Як падкрэслівае кожны з бакоў, яна не імкнуцца да таго, каб пагаршаць адносіны і абвастраць абстаноўку. Гэтыя ўдары не накіраваныя на суверэнітэт кожнай з дзяржаў. І Іран, і Пакістан змагаюцца з тэрарызмам. У выпадку з Тэгеранам гэта групоўка “Джэйш аль-Адль” і “Армія справядлівасці”, якая варочае на поўдні Ірану, здзяйсняе тэракты і бярэ адказнасць за гэтыя тэракты. Тэгеран лічыць нанясенне ўдараў па гэтай групоўцы сваім законным правам. Хоць гэта парушэнне межаў іншай суверэннай дзяржавы.

У той жа час Пакістан паведамляе, што ў выніку іранскіх абстрэлаў загінулі мірныя жыхары, уключаючы дзяцей, таму не мог пакінуць гэта без адказу і нанёс удары ў адказ ужо па іншых баевіках, якіх ён лічыць для сябе пагрозай», – кажа эксперт.

Магчымыя гульні спецслужбаў

Краіны адклікаюць сваіх дыпламатаў і робяць жорсткія заявы, аднак прыкмет таго, што яны гатовыя ваяваць паміж сабой усё ж няма, адзначае суразмоўца:

«Думаю, што градус напружанасці паступова будзе зніжацца».

Тым больш, што адносіны паміж Іранам і Пакістанам былі досыць нядрэнныя.

«Нават цяпер можна казаць, што адносіны не пагоршыліся. Гэта сапраўды беспрэцэдэнтнае абвастрэнне, але ні адна з бакоў не жадае разрываць гэтыя адносіны.

Гэта суседнія краіны, у іх шмат агульных пагроз і праблем: тэрарызм, сепаратызм, наркатрафік. Таму абедзве дзяржавы не хочуць, каб лакальныя абстрэлы прывялі да новай вайны, улічваючы і іх мінулы досвед узаемадзеяння спецслужбаў. І я, дарэчы, нават не выключаю, што гэтыя ўзаемныя абстрэлы пры ўсёй жорсткай рыторыцы былі ажыццёўлены ў каардынацыі адзін з адным. Таму што адносіны паміж спецслужбамі Ірану і Пакістана знаходзяцца на даволі высокім узроўні», – падкрэслівае Руслан Сулейманаў.

Навошта ж тады адклікаць паслоў і прыводзіць узброеныя сілы ў баявую гатовасць?

«Кіраўніцтву Ірану і Пакістана трэба дэманстраваць нейкую актыўнасць. У выпадку з Тэгеранам – гэта адказ на тэракт, які адбыўся ў горадзе Керман. Гэта найбуйнейшы тэракт у найноўшай гісторыі Ірану. Кіраўніцтва краіны паабяцала адплату і мы бачым, што Іран “плоціць” па ўсіх франтах.

Удар па іракскім Курдыстане – гэта таксама частка гэтага адказу, нягледзячы на тое, што адказнасць за яго ўзялі баевікі “Ісламскай дзяржавы”. Кіраўніцтва краіны дэманструе насельніцтву, што яно змагаецца з тэрарызмам», – кажа ўсходазнаўца.

Hавiны
Іран нанёс ракетныя ўдары па Іраку і Сірыі
2024.01.16 09:46

Таксама і Пакістан не мог пакінуць без адказу ракетныя ўдары, у якіх загінулі мірныя жыхары.

«Трэба было па прынцыпе “вока за вока” даць нейкі адказ. Але гэта не таму, што Пакістан жадае абвясціць вайну Ірану. У нейкай ступені гэта гульня на публіку, жаданне прадэманстраваць, што кіраўніцтва Ірану або Пакістана клапоціцца пра інтарэсы народу», – працягвае Сулейманаў.

За ядравую зброю наўрад ці возьмуцца

На думку эксперта, цяпер урады Пакістана і Ірану імкнуцца згладзіць сітуацыю, каб эскалацыя не выйшла на новы ўзровень. Тым больш суразмоўца не чакае ўжывання ядравай зброі.

«Калі б Іран жадаў адказваць на ўсе дыверсіі, то Тэгеран павінен быў бы наносіць удары па тэрыторыі Ізраілю, напрыклад. Але Іран гэтага не робіць, таму што ў яго вельмі абмежаваныя рэсурсы і Іран можа наносіць толькі лакальныя ўдары і падаваць гэта як акт адплаты.

На большае Іран не гатовы, таму што ён разумее, што адказ з боку праціўніка будзе самым жорсткім. І выпадак Пакістана не выключэнне. Пакістан – не будзем забываць – таксама ядравая дзяржава. Так што я не чакаю нейкага новага вітка эскалацыі. Я думаю, што кожная краіна ўжо ў прынцыпе задаволеная тымі дзеяннямі, якія яна ажыццявіла ў апошнія дні», – кажа эксперт.

Тым больш суразмоўца не чакае ўжывання ядравай зброі. У Ірану ўжо было шмат нагодай гэта зрабіць. Напрыклад, з-за дыверсіяў з боку Ізраілю.

«Іран не пераходзіў да эскалацыі, таму што ён разумее, што рэакцыя будзе жорсткай. І цяпер нават у выпадку маштабнай эскалацыі паміж Іранам і Пакістанам, думаю, усё будзе абмяжоўвацца памежнымі інцыдэнтамі, узаемнымі абстрэламі. Таму што ніхто не жадае пераходзіць у нейкі маштабны наступ. Ні ў Ісламабадзе, ні ў Тэгеране ніхто ў гэтым не зацікаўлены», – заключае Руслан Сулейманаў.

Аналітыка
Крок да вялікай вайны ці яе перадухіленне? Якія наступствы будуць мець удары ЗША ў Емене
2024.01.12 17:03

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў