Беларускія спартоўцы не парадавалі заўзятараў: 37-ае месца ў супергіганце і 14-ае ў эстафеце


Мужчынская каманда Беларусі ў алімпійскай эстафеце заняла толькі 14-ае месца. Усяго ў гонцы ўзялі ўдзел 16 камандаў. Гарналыжнік Юрый Данілачкін аказаўся 37-ым з 63-ох.



Чацвёрка беларускіх лыжнікаў – Міхаіл Сямёнаў, Аляксандр Лазуткін, Аляксей Іваноў, Сяргей Далідовіч – усю гонку ішлі сярод аўтсайдараў, нароўні з камандамі Польшчы і Японіі. Адставанне ад пераможцы склала 5 хвілінаў 58,1 секунды.

Міхаіл Сямёнаў, які стартаваў на першым этапе, перадаў эстафету 14-ым, Лазуткін ды Іваноў фінішавалі на сваіх этапах 15-мі. Далідовіч, які бег на апошнім этапе, здолеў абысці польскага спартоўцу і вывесці наш квартэт на 14-ае месца. Каманда Японіі стала безальтэрнатыўна апошняю і была знятая з дыстанцыі пасля 3-га этапу, калі адставала ад лідараў на круг.

Золата ў гэтай дысцыпліне заваявала каманда Швецыі, якая была першая на ўсіх чатырох этапах эстафеты. Маркус Гэльнэр (Marcus Hellner) фінішаваў з перавагаю перад пераследнікам амаль на 40 секундаў і апошнія 200 м дыстанцыі прабег з невялікім шведскі сцягам у руках.

За 2-ое месца на апошніх двух этапах ішла жорсткая барацьба паміж расейцамі ды французамі. Сапраўдным героем гонкі стаў расеец Аляксандр Лёгкі, які бег на трэцім этапе. Прыняўшы эстафету 5-ым, на фініш свайго адрэзку эстафеты ён прыйшоў 2-ім, прагуляўшы шведу крыху больш за 14 секундаў. Расейскі фінішор Максім Вылегжанін у нялёгкай барацьбе з прадстаўніком Францыі ўтрымаў срэбра. За гонкаю з трыбунаў сачылі прэзідэнт ды прэм’ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін і Дзмітрый Мядзведзеў.

Лыжная эстафета стала другім і апошнім спаборніцтвам у нядзелю, у якім бралі удзел беларусы. На пару гадзінаў раней наш гарналыжнік Юрый Данілачкін стартаваў у супергіганце і здолеў дабрацца да фінішу, заняўшы 37-ае месца. Чэмпіёну ў гэтай дысцыпліне, нарвежцу Х’етылю Янсруду (Kjetil Jansrud), беларускі спартовец саступіў 4,31 секунды.

Срэбра ў супергіганце заваяваў амерыканец Эндру Ўэйбрэкт (Andrew Weibrecht), бронзу падзялілі канадзец Ян Гудэц (Jan Hudec) і амерыканец Боўд Мілер (Bode Miller).

МЯ, belsat.eu, паводле interfax.by

Стужка навінаў