Такога ніколі не было. Алімпійцаў узнагародзяць медалямі з кавалкамі метэарыту


15 лютага на сочынскай Алімпіядзе пераможцаў будуць узнагароджваць медалямі з устаўленымі часцінкамі Чэлябінскага метэарыту. Гэтак арганізатары пастанавілі адзначыць гадавіну падзення нябеснага цела. Унікальных медалёў вырабілі 50 штук. Аднак толькі 10 з іх уручаць спартоўцам, частку медалёў змесцяць у музеях, іншыя трапяць у прыватныя калекцыі.



Алімпійскі медаль з кавалкамі метэарыту. Фота sports.uz



Медалі распрацавалі расейскія дызайнеры. Яны ўяўляюць сабою гравюру на каляровым метале з выкарыстаннем золата і срэбра, дзе ў цэнтры – кавалак касмічнае пароды. Кожны медаль выраблялі цягам 8 гадзінаў.



Кавалкі метэарыту. Фота sports.uz

Метэарыт упаў у возера Чэбаркуль у Чэлябінскай вобласці Расеі 15 лютага 2013 года. Працаўнікі NASA паведамлялі, што яго моц у 30 разоў перавысіла магутнасць атамнай бомбы, скінутай на Хірасіму. У выніку падзення пацярпела больш за 1,5 тыс. чалавек, акрамя таго, ударная хваля моцна нашкодзіла будынкам.

15 лютага залатыя медалі з часткамі метэарыту атрымаюць: аўстрыйка Анна Фэнінгер (Anna Fenninger) за перамогу ў супергіганце, жаночая каманда Швецыі з 4-х чалавек за перамогу ў эстафеце падчас лыжных гонак, Збігнеў Брудка (Zbigniew Bródka) з Польшчы, які заваяваў залаты медаль у хуткасным бегу на каньках, кітаянка Чжоў Ян (Zhōu Yáng) і расеец Віктар Ан за перамогу ў шорт-трэку. Чакаюцца вынікі мужчынскага заезду ў скелетоне і скачках на лыжах сярод мужчынаў з вялікага трампліну.

МЯ, belsat.eu, паводле sports.uz

Стужка навінаў