STARавіны. Кіно – опіум для народу


Як жылі нашыя продкі? Што елі, дзе бавіліся, як апраналіся? Што іх хвалявала і весяліла? Гісторыя – гэта не толькі даты і войны. Гісторыя – гэта і тое, з чаго складаецца штодзённае жыццё. А што, як ні газеты, якія выдаваліся 100 гадоў таму, распавядзе нам пра гэта?

У падарожжа ў штодзённасць мінулага запрашае вас гісторык, прафесар Вячаслаў Швед.

Уявіце свет без тэлевізара, інтэрнэту, прыставак «Xbox» ды «iPhon’у». Месца ўсяго гэтага займаў сінематоргаф (электратэатр), які выглядаў фантастычным вынаходніцтвам і стаўся сапраўдным опіумам для народу.

Судзіць пра папулярнасць кінематографу можна з публікацыі «Магилёвскога вестника». «У панядзелак 25 сакавіка пасля дзесяцідзённага перапынку гасцінна адкрылі дзверы абодва нашыя біяскопы «Мадэрн» і «Чары», і публіка хлынула туды ў такой значнай колькасці, што даводзілася займаць месца проста з боем. Асабліва гэта было заўважна ў «Мадэрне», дзе публіка ў чаканні сваёй чаргі гадзінамі стаяла каля ўваходу у залу кінематографу». У «Чары» паказвалі ў той дзень драму «Оргія крыві ды шаленства», камедыі «Смелы жаніх» і «Бязлітаснае сватанне», а ў «Мадэрне» – драмы «Парыванні жаночай душы» і «Атрута праклёну», камедыю «Адна ноч» і чарговы патэ-журнал (надзённыя падзеі ды навіны свету) (1913, № 69, с. 1–3).

Кінематограф заваёўваў не толькі гарады, але пераможна ішоў праз сельскую мясцовасць. «Цяпер назіраецца шырокае распаўсюджванне па губерні кінематографаў, якія не толькі ў павятовых гарадах растуць, як грыбы, але раз за разам з мястэчак паступаюць хадайніцтва да губернскай адміністрацыі пра дазвол узвядзення там будынкаў і адкрыцця электратэатраў», – адзначаў у адным з нумароў газеты аналітык кіно (МВ, № 147, с. 3).

Кінапрадукцыя таго часу была ў жанрах драмы, камедыі, рамантычных прыгодаў і дэтэктываў. Усё было разлічанае на камерцыйную выгаду вытворцаў карцін і гаспадароў кінатэатраў. Гэта разумелі 100 гадоў таму. «Гарадзенскія кінематографы, як бачна, лічаць за гонар дэманстрацыю амаральных карцін. Усемагчымыя ўгаворы прэсы на іх не дзейнічаюць… Моладзь часта наведвае кінематографы, а грамадскасць скрозь пальцы глядзіць на гэтае, не зважаючы на тую шкоду, якую наносяць моладзі спекулянты без сумлення» («Gazeta Bielostocka», 1913, № 34).

Якія фільмы прапаноўвалі гледачам у розных месцах Беларусі, пераканайцеся самі. Звярніце ўвагу на назвы кінатэатраў. Электратэатры ў Магілёве «Мадэрн», «Чары» паказвалі наступныя фільмы: «Крывавыя задумы», «Вырадак пекла», «Рахіль», «Тунэлі Сэн-Гатара», «Клятва андалузкі», «Бог помсты», «Невыносная дзяўчына», «Курсістка Ася», «Дуэлянты 20-га стагоддзя», «Салонныя каршуны», «Граф Монтэ-Крыста» (МВ, 1913 28.04 (11.05); № 52, с. 16 (19).03).

У Брэст-Літоўску электратэатр «Лотас» дэманстраваў у ліпені 1912 года праграму «Моц жанчыны» – драма з сучаснага парыжскага жыцця ў выкананні артыстаў Тэатру Сары Бэрнар у Парыжы; камедыя «На пятак малака» (Наш край, 1912 № 115, с. 2). А ў Горадні газета «Наше утро» 23 ліпеня 1913 года паведамляла пра змену праграмаў у «кіне-театре» «Сатурн» (былы «Эдысон») і кінематаграфічным тэатры «Люкс» (Наше утро, № 164, с. 1). У кастрычніку 1912-га ў Сатурне паказвалі «жыццёвую драму» «У кайданах вар’яцтва», камедыю «Прасцячка Дэйзі», патэ-журнал пра апошнія падзеі ў свеце (Наше утро, № 117, с. 1).

Аказваецца, і ў тыя даўнія часы можна было завесці свой «хатні кінатэатр». У Вільні ў прадстаўніка фірмы братоў Патэ (Парыж-Масква) прадавалася найноўшае вынаходніцтва – кінематаграфічны апарат «Кок», з дапамогаю якога можна было праектаваць карціны ў сябе дома ці наладзіць прадпрымальніцтва і дэманстраваць фільмы гледачам. Пры канторы фірмы быў пракат стужак з рознымі сюжэтамі (Наш край, № 49, с. 4).

Вам не захацелася пайсці ў кінатэатр? Можна параўнаць тое, што паказваюць сёння, са стогадоваю даўніною.

Прафесар Вячаслаў Швед для belsat.eu

Стужка навінаў