За ролік у інтэрнэце бабруйскаму блогеру могуць даць 3 гады турмы


Алега Жаўнова падазраюць у абразе працаўніка міліцыі. На думку «пацярпелага», блогер размясціў у інтэрнэце відэа, якое абразіла ягоны гонар і годнасць.

Справу на блогера завялі пасля таго, як у адзін з аддзелаў міліцыі трапіла заява маёра ДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкаму Яўгенія Сераштанава, на думку якога, Алег Жаўноў размясціў на сваім сайце (2012–2013 гг.) аўдыё і відэаматэрыялы, якія абражаюць ягоны гонар, годнасць і псуюць працоўную рэпутацыю.

{movie}Адзін з відэаролікаў Алега Жалнова|right|14730{/movie}

Справа ў дачыненні Жаўнова распачалася 7 лютага паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу (публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).

Крымінальная справа – гэта помста людзей, надзеленых уладаю, кажа блогер. «Я ўжо даўно лічу, што ў нас тут маленькі Чыкага і органы ўнутраных справаў займаюцца зусім не тым, чым трэба. Яны пераследуюць законапаслухмянага грамадзяніна, які паказвае ім на іхныя недахопы і хібы ў рабоце ды імкнецца да таго, каб прывесці дзейнасць органаў унутраных справаў у адпаведнасць з указамі і дэкрэтамі прэзідэнта. Яны нарэшце мусяць пачаць выконваць заканадаўства і служыць народу, а не сваім вузканакіраваным інтарэсам», – лічыць Жаўноў.

Раней працаўнікі міліцыі беспаспяхова «спрабавалі маральна задушыць мяне», – распавядае блогер. – «Цяпер пачалі дзейнічаць праз маю сям’ю, праз родных і блізкіх», – адзначыў Алег Жаўноў.

У канцы студзеня ў дачыненні сына блогера Аляксея завялі крымінальную справу паводле арт. 364 КК (гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў).

Канфлікт паміж блогерам і працаўнікамі бабруйскай ДАІ адбыўся 4 верасня 2013 года ў будынку Дзяржаўтаінспекцыі. Жаўноў з сынам палічылі, што аўтамабіль ДАІ стаіць на ходніку, чым парушае ПДР. Пра гэта яны заявілі ў аддзел міліцыі, пры гэтым фіксавалі ўсё на відэа.

У выніку канфлікту Жаўнова і ягонага сына з ужываннем сілы затрымалі. Пасля на абодвух выпісалі штраф за перашкоды дарожнаму руху, а самога блогера абвінавацілі ў непадпарадкаванні працаўнікам міліцыі.

ЮВ паводле БелаПАН

Стужка навінаў