Андрэй Жукавец ад сёння – свабодны чалавек


Беларускага прадпрымальніка, які збег з Беларусі ад крымінальнага пераследу 14 гадоў цягалі па польскіх судах.

Паводле беларускага заканадаўства, тэрмін даўніны справы скончыўся яшчэ ў 1999 г. Прадпрымальніку інкрымінавалі нямэтавае выкарыстанне крэдыту. Жукавец мяркуе, што гэта быў пераслед за ягоную грамадзянскую актыўнасць. У 1996 г. мужчыну затрымалі на «Чарнобыльскім шляху». Праз некалькі гадоў прадпрымальнік уцёк ў Польшчу, але і тады беларуская міліцыя не пакінула бізнесоўца ў спакоі. Польскія пракуроры абвінавачвалі Жукаўца ў махлярстве. А суд першай інстанцыі асудзіў яго на 3 гады зняволення і забавязаў выплаціць 15 тыс. злотых (5 тыс. долараў).

Аднак сёння акруговы суд у Беластоку, які разглядаў апеляцыйную скаргу беларускага палітычнага ўцекача, агучыў сваю пастанову: справа Жукаўца была спыненая. «Я хачу падзякаваць усім неабыякавым журналістам, якія казалі праўду пра маю справу. Таксама хачу выказаць словы падзякі дырэктарцы «Белсату» Агнешцы Рамашэўскай, якая таксама мяне падтрымала», – сказаў Андрэй Жукавец адразу пасля выхаду з судовай залы.

Андрэя Жукаўца ўпершыню затрымалі на тэрыторыі Польшчы ў 2001 годзе. Тады ён на 86 дзён трапіў за краты з магчымай экстрадыцыяй у Беларусь, у тым ліку 32 дні галадаў на знак пратэсту супраць несправядлівага працэсу. Дзякуючы заангажаванасці медыяў, палітыкаў ды шэрагу арганізацыяў прадпрымальніка вызвалілі.

Пасля гэтага Жукавец 14 гадоў даводзіў у судах сваю невінаватасць. Ажыццявіць гэта атрымалася толькі цяпер.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў