У Варшаве паказваюць «Сашку» – спектакль паводле п’есы беларускага драматурга (фота і відэа)


«Дзеянне п’есы адбываецца на мяжы паміж сном і яваю, між мінулым і сучаснасцю, жыццём і смерцю; тут паказаныя складаныя, балючыя дачыненні ў сям’і ды спробы іх зразумець галоўным героем», – запрашае Сучасны тэатр (Teatr Współczesny) у Варшаве на інсцэнізацыю п’есы беларускага драматурга, актора і рэжысёра Дзмітрыя Багаслаўскага.



Прэм’ера спектаклю «Сашка» (у арыгінальнай версіі – «Тихий шорох уходящих шагов») адбылася 1 лютага. Рэжысёр пастаноўкі – Войцех Урбаньскі (Wojciech Urbański), у галоўнай ролі – зорка польскага кіно і тэатру Борыс Шыц (Borys Szyc).

{movie}Трэйлер з рэпетыцыяў спектаклю “Сашка”|right|14602{/movie}

Беларус Дзмітрый Багаслаўскі з п’есаю «Сашка» («Тихий шорох уходящих шагов») быў адным з пераможцаў на фестывалі маладой драматургіі «Любімаўка 2012» у Маскве і перамог у галасаванні сярод інтэрнаўтаў у конкурсе «Новае мастацтва» ў 2013 годзе. Крытыкі назвалі ягоны твор «самаю інавацыйнаю і незвычайнаю драмаю, напісанаю ў постсавецкай прасторы за апошнія гады».

Дзмітрый Багаслаўскі нарадзіўся ў 1985 годзе ў Менску. Ён скончыў Менскі дзяржаўны каледж мастацтваў паводле спецыяльнасці «рэжысура», а потым Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў паводле той жа спецыяльнасці. Маладзён – адзін з арганізатараў Студыі альтэрнатыўнай драмы, працуе акторам у Беларускім дзяржаўным моладзевым тэатры. Як драматург ён дэбютаваў у 2007 годзе п’есаю «Пешкі», прэм’ера якой адбылася ў 2008 годзе ў Цэнтры беларускай драматургіі. Дзмітрый Багаслаўскі – лаўрэат шмат якіх конкурсаў для драматургаў у Расеі.

Дадатковыя паказы «Сашкі» ў Сучасным тэатры ў Варшаве адбудуцца 6–9 і 18–19 лютага. Кошт квіткоў – ад 38 да 58 злотых ($ 12–20).

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў