Мёртвыя душы ў ліку выбарнікаў? Пакінутыя вёскі трапілі ў склад выбарчых участкаў


Ужо 23 сакавіка адбудуцца выбары дэпутатаў мясцовых саветаў. У Крычаўскім раёне на Магілёўшчыне, як высветлілі журналісты, у склад выбарчых участкаў трапілі пасяленні, у якіх ужо даўно ніхто не жыве. Ці гэта выпадковая памылка мясцовых уладаў?

Закінутыя дамы, гаспадаркі і цэлыя вёскі – гэткім сельскім пейзажам сёння нікога не здзівіць.

{movie}Мёртвыя душы?|right|14593{/movie}

Гэтак выглядае і вёска Слабуты ў Крычаўскім раёне. Што праўда, ніякай пазнакі з назваю населенага пункту тут ужо даўно няма. Гэтаксама і практычна не засталося жыхароў. Спадар Пётр – адзіны, хто тут трымае гаспадарку. Аднак жыве ён тут не ўвесь час.

СПАДАР ПЁТР, МЯСЦОВЫ ЖЫХАР:

“Я жыву тут часова. Ну, як часова: лета і зіму тут, але я тут не прапісаны”.

Пра тое, што непадалёк гэтаксама калісьці жылі людзі, сведчаць ужо толькі падмуркі дамоў. Замест калісьці вялікай вёскі Сарочына – цяпер пустое поле.

Журналіст крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Мікалай Федарэнка зазначае, што такая сітуацыя і ў суседніх вёсках.

МІКАЛАЙ ФЕДАРЭНКА, ЖУРНАЛІСТ «ВОЛЬНАГА ГОРАДУ»:

“Было і Сарочына, былі і Слабуты, і Плешчына, і Мышкавічы – там таксама была ферма, і тут была ферма. Цяпер тут нічога няма, пустыя вёскі”.

Нягледзячы на гэта, ужо даўно апусцелыя вёскі ўлучылі ў выбарчы ўчастак.

Адпаведны загад апублікавалі ў афіцыйнай газеце “Крычаўскае жыццё” за 25 студзеня.

Ці гэта звычайная памылка чыноўнікаў, якія перапісалі звесткі выбарнікаў з папярэдняй кампаніі? Ці ўжо прынятая зверху яўка на мясцовых выбарах? Якую, зрэшты, нядаўна агучыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго, ні больш, ні менш як 75 % выбарнікаў прыйдуць галасаваць за дэпутатаў у мясцовыя саветы.

УЛАДЗІМІР КРАЎЧАНКА, НАЗІРАЛЬНІК, БХК:

“Тут няісных людзей, якія не прапісаныя ў гэтых вёсках, ды і самых вёсак няма, як і раней пакідаюць у спісах выбарнікаў. Адсюль атрымліваецца патрэбны адсотак галасоў. Хто за гэтых людзей галасуе? Чальцы выбарчай камісіі”.

Якая ж яўка будзе ў той самай вёсцы Сарочына, якая нават афіцыйны налічвае нуль жыхароў, але ўсцяж уваходзіць у межы выбарчага ўчастку і сельсавету. Зрэшты, захаванне такіх вёсак у спісах патэнцыйных выбарнікаў выгадна і самым мясцовым уладам, кажа Уладзімір Краўчанка.

УЛАДЗІМІР КРАЎЧАНКА, НАЗІРАЛЬНІК, БХК:

“Калі яны захоўваюцца ў спісе вёсак сельскага савету, расходуецца паліва на ачыстку дарог, на дастаўку туды, скажам, аўталаўкі. Ну і рамонтныя працы, рамонт калодзежаў ды іншыя”.



Відавочна, нават праз 200 гадоў справа Чычыкава жыве, а мёртвыя душы працягваюць прыносіць дывідэнды, прынамсі палітычныя.

Ганна Любакова, “Аб’ектыў”, belsat.eu

Стужка навінаў