«Пад шумок узяць Дом ураду па-сапраўднаму»


Запланаваны флэшмоб на здымачнай пляцоўцы «Авеля» не адбыўся, бо спазнілася здымачная група.

З вечара кавалак праспекту Незалежнасці ў Менску паміж галоўным корпусам БДУ і цыркам быў перакрыты, а некалькі тысячаў чалавек грэліся ў Палацы Рэспублікі, Палацы афіцэраў і прафсаюзаў, а таксама ў будынку Музею Вялікай айчыннай вайны.

Міліцыянты ў цывільным ахоўвалі, паводле іх словаў, парадак «на нейкім фільме “Беларусьфільму”», на якім – не сказалі.

Інтэрнаўты з суполкі «Стоп-кіно», якія дакладна не ведалі, што менавіта будуць здымаць суботнім вечарам, планавалі а 22:00 пачаць флэшмоб на здымачнай пляцоўцы ”Авеля” скокамі і танцамі перад камерамі. Здымкі, аднак, стартавалі толькі а 22.30. Флэшмоб не адбыўся праз свядомае альбо запланаванае спазнення кінабрыгады.

Кіношнікі папрасілі людзей прайсці ад Кастрычніцкай плошчы да Дому ўраду – без сцягоў і транспарантаў, але з фаерамі. Іх, што праўда, выдалі толькі некалькім асобам на перадзе натоўпу. Людзі ішлі па пустым праспекце даволі жвава і весела, з песнямі і смехам. Каманды скандаваць штосьці адно, відаць, не было: у натоўпе можна было пачуць «Уходи!», «Жыве Беларусь!» і «Віталік, Віталік!».

Удзельнікам масоўкі папярэдне не рэкамендавалі крычаць «Жыве Беларусь», аднак, як падала “Наша Ніва”, аднаго з маладзёнаў на імя Алесь затрымалі менавіта за гэты вокліч.

{movie}Затрыманні на здымках фільму “Авель”|right|14594{/movie}

На плошчы Незалежнасці шмат хто меў рэдкую магчымасць зайсці за помнік Леніну – звычайна на пляцоўку перад Домам ураду не пускаюць вайскоўцы, якія нясуць варту ля будынку.

Градус эмоцый на плошчы Незалежнасці падскочыў, калі здымалі людзей, якія набліжаліся да ўяўнага штурму дзвярэй Дому ўраду. Апошнія метры людзі паконвалі бегам, а колькасць запаленых фаераў павялічылася ў некалькі разоў. Самой сцэны атакі не здымалі – аператары выключылі камеры і згасілі святло пад скандаванне кагосьці з масоўкі: «Это мирная акция! Не поддавайтесь на провокации!»

Людзі разыходзіліся неахвотна – адміністратарцы пляцоўкі, маладой дзяўчыне ў памаранчавых лыжных штанах, прыйшлося тройчы паўтарыць запрашэнне вярнуцца ўсім у пункт збору і напіцца там гарбаты. Хтосьці яшчэ доўга фатаграфаваўся за помнікам Леніна, хтосьці чапляўся да памочнікаў гукарэжысёра з прапановай зрабіць інтэрв’ю, а хтосьці казаў, што сёння была рэальная магчымасць «пад шумок узяць Дом ураду па-сапраўднаму».

Пасля заканчэння здымкаў чарговага эпізоду ля помніка Леніну затрымалі студэнтаў, якія праводзілі сацыялагічнае апытанне сярод моладзі, што здымаліся ў масоўцы. Загад на затрыманне даў начальнік ГУУС Барсукоў. Ён жа даў загадаў затрымаць аператара «БелаПАНу» Васіля Сямашкі, якога пазней адпусцілі, але знішчылі знятыя відэаматэрыялы.

ДзДз, belsat.eu

Стужка навінаў