Пратэстоўцы ў Кіеве: ніхто і не думае сыходзіць!


Удзельнікі акцыі пратэсту кажуць, што Закон аб амністыі прынялі дзеля таго, каб раскалоць Майдан на дзве часткі: радыкальную і больш стрыманую – і перасварыць паміжсобку ўдзельнікаў пратэстаў. З Кіева перадае карэспандэнт «Белсату» Аркадзь Несцярэнка.

{movie}Пратэстоўцы ў Кіеве: ніхто і не думае сыходзіць!|right|14549{/movie}

Людзі ў абмен на будынкі. Паводле амністыі, якую прыняла Вярхоўная Рада Украіны, пратэстоўцаў вызваляць ад крымінальнай адказнасці, калі тыя пакінуць адміністрацыйныя будынкі, у тым ліку абласныя адміністрацыі. Са звестак апазіцыі, цяпер затрыманыя больш за дзвесце ўдзельнікаў пратэстаў.

«Фактычна ў нейкі момант у зале была большасць галасоў за праект Закону аб амністыі, які прапанавала апазіцыя. І трэба Януковічу было ўключацца асабіста, прыязджаць і пераломваць сваю фракцыю», – гаворыць Андрэй Парубій, дэпутат партыі «Батьківщина».

У нейкі момант 50 «рэгіяналаў» былі гатовыя далучыцца да апазіцыі, але пад ціскам Януковіча, які напярэдадні двойчы прыязджаў у Раду, тыя адмовіліся падтрымаць апазіцыю. Сёння прэзідэнт Украіны заявіў, што ўлады ўсе абавязкі выканалі. Але эфект ад гэтага – нулявы. З барыкадаў ніхто сыходзіць не плануе.

Імавернасць сілавога варыянту зачысткі Майдану застаецца высокаю. Паводле неафіцыйных звестак, у Кіеў дадаткова прывезлі прыблізна 15 тысяч байцоў унутраных войскаў і міліцыянтаў.

«Могуць быць абсалютна розныя варыянты. Я нават не думала ніколі, што апынуся ў такой краіне, у якой я не ўяўляла, што некалі апынуся, – гаворыць журналістка і грамадская актывістка Таццяна Чарнавол. – У дзвюхтысячных я ездзіла ў Чачэнію і ўбачыла Грозны, першая мая думка была – дзякаваць богу, што можна вярнуцца дадому. Цяпер мы апынуліся ў такой самай сітуацыі, але ў нас ТУТ дом. Вайна прыйшла да нас дадому, ніхто не мог падумаць, што ва Украіне пачнуць страляць у людзей».

Зрэшты, застаецца і шлях мірнага ўрэгулявання. На 4-га лютага ў Радзе запланавалі разгляд зменаў у Канстытуцыі адносна магчымых датэрміновых выбараў прэзідэнта. Але на хуткае выйсце з крызісу тут ужо ніхто не разлічвае.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu

Стужка навінаў