Масавае збіццё пратэстоўцаў у рэгіёнах Украіны


У Чарнігаве мітынгоўцы падышлі да будынку Абласной рады і спакойна заходзяць унутр. Ім ніхто не перашкаджае. Мясцовы губернатар асудзіў законы, прынятыя 16 студзеня, і адзначыў, што зробіць усё, каб не дапусціць кровапраліцця, паведамляе «News.liga.net». Не паўсюль пануе такое ўзаемапаразуменне – з Данецку паведамляюць пра знікненне некалькіх актывістаў, а ўвечары напярэдадні ды ўначы рэзка абвастрылася сітуацыя ў шэрагу рэгіёнаў Украіны, шмат збітых і затрыманых.


Сітуацыя з пратэстамі ў рэгіёнах на 20:00 – ІНФАГРАФІКА ТУТ
Каля 2 гадзіны ночы ў Чаркасах, куды сабралася некалькі соцень актывістаў у тым ліку і кіеўскага Аўтамайдану, правакатары імітуюць спробу штурму мясцовай Абласной рады. Некаторыя з актывістаў паддаюцца на правакацыю. У адказ «Беркут» жорстка разганяе, збівае і затрымлівае ўдзельнікаў мітынгу і журналістаў. Пацярпела і здымачная група «Белсату».
Прыкладна ў гэты ж час у Сумах байцы ўнутраных войскаў праводзяць жорсткую «зачыстку» будынку абласной адміністрацыі, раней занятага мітынгоўцамі. Вялікая колькасць людзей параненая і затрыманая.
У Днепрапятроўску ўсю ноч працавалі суды, якія ў выніку прысуджаюць 15 затрыманым удзельнікам акцыяў пратэсту па 2 месяцы арышту. Раней, у нядзелю, у Днепрапятроўску на мітынг ля будынку абласной дзяржадміністрацыі сабралася некалькі тысяч жыхароў гораду. Міліцыя спрабавала перакрыць дарогу дэманстрантам, што накіроўваліся да будынку абласной адміністрацыі. Адбыліся сутыкненні Майдану з «цітушкамі».
У інтэрнэце з’явілася відэа, на якім узброеныя палкамі ды бітамі «цітушкі» і працаўнікі міліцыі размясціліся разам у будынку Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі.
{movie}Днепрапетроўск: цітушкі і міліцыя супраць мясцовага Майдана|left|14493{/movie}
{movie}Днепрапетроўск: цітушка ў рукох пратэстоўцаў|right|14494{/movie}
У Запарожжы, ўвечары, міліцыяй і «Беркутам» былі жорстка збітыя мітынгоўцы, якія вырашылі застацца пад мясцовай Абласной Радай на ноч. Падчас разгону перакрываўся дарожны рух, шмат затрыманняў. За спінамі міліцыянтаў, па сведчанням пратэстоўцаў, йшлі людзі спартовага выгляду ў цывільным з палкамі. Тых, хто здолеў збегчы, сілавікі адсочвалі ў дварах.
Тэрнопальскі адмінсуд прызнаў супрацьпраўным рашэнне Абласной рады аб прызнанні Народнай рады, аб стварэнні атраду самаабароны і пра недавер старшыні Абласной рады. Тэрнопальскую Абласную раду мітынгоўцы занялі 23 студзеня.
Сёння мэр Крэменчуга заклікаў прэзідэнта Украіны сысці ў адстаўку, а пратэстуючыя жыхары Бравароў дамагліся каб цітушак выгналі з будынка гарадской адміністрацыі.
Стала вядома, што ўкраінская апазіцыя гатовая працягнуць перамовы з уладамі, каб прадухіліць кровапраліцце.
Тым часам сіноптыкі прагназуюць ва Украіне на найбліжэйшыя дні моцныя снегапады, штармавы вецер і да -30°С.
СП. belsat.eu

Стужка навінаў