Гучнае бяздзеянне - Захад абмежаваўся заявамі


Дзярждума Расеі ўсклала адказнасць за смерці ўкраінскіх актывістаў на… украінскую апазіцыю і заходніх палітыкаў. Расейскія дэпутаты адзінагалосна патрабуюць ад Захаду не ўмешвацца ва ўнутраныя справы Украіны, каб стрымаць эскалацыю канфлікту. Адначасова да спынення гвалту заклІкала кіраўніцтва Еўразвязу. Як свет рэагуе на падзеі ў Кіеве?
{movie}Гучнае бяздзеянне (22.01.2014) |right|14402{/movie}
Пакуль на кіеўскіх вуліцах спецназ страляе ў людзей, кіраўніцтва Украіны робіць усё, каб у вачах міжнароднай супольнасці стаць не агрэсарам, а ахвяраю. Мікалай Азараў заявіў, што ўсе смерці – на сумленні правых радыкалаў, тэрарыстаў, якія выступілі супраць уладаў.

МІКАЛАЙ АЗАРАЎ, ПРЭМ’ЕР-МІНІСТР УКРАІНЫ: “Удзельнікаў гэтых закалотаў нельга называць мірнымі пратэстоўцамі ды мітынгоўцамі. Гэта злачынцы, якія мусяць адказаць за свае дзеянні”.

З Азаравым і Януковічам салідарны і Аляксандр Лукашэнка. Яшчэ ўчора ён абвінаваціў у кіеўскім канфлікце знешнія сілы і выказаў падтрымку Віктару Януковічу.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА, КІРАЎНІК БЕЛАРУСІ:
“Мы, і Расея і іншыя, будзем такім чынам падтрымліваць Украіну і стабільнасць у ёй ды цяперашняга прэзідэнта, бо ён галоўны прадстаўнік улады”.

Расеі прасцей будзе ўцягнуць у Еўразійскі саюз дыктатарскую, а не свабодную Украіну, кажа палітолаг Павел Усаў. Але асабіста для Лукашэнкі сітуацыя складваецца яшчэ камфортней.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Ён перастае быць апошнім дыктатарам у Еўропе, а па-другое, у параўнанні з Януковічам, не такі брутальны, не такі крывавы”.

ЗША пасля расстрэлу дэманстрантаў спынілі дзеянні візаў асобаў, адказных за збіццё ўдзельнікаў Еўрамайдану. Аб’яднаная Еўропа на крывавыя падзеі адрэагавала шокам і гучнымі заклікамі да спынення гвалту. Пакуль што. Цяпер у палітычных колах Еўразвязу вырашаюць, ці варта ўводзіць санкцыі супраць кіраўніцтва Украіны.

РОБЭРТ ТЫШКЕВІЧ, ДЭПУТАТ ПОЛЬСКАГА СЕЙМУ:
“Гэта мусяць быць персанальныя санкцыі супраць асобаў, адказных за ўжыванне сілы, за давядзенне да сітуацыі, калі сярод пратэстоўцаў ёсць смяротныя ахвяры”.

Каб быў вынік, трэба таксама эканамічныя санкцыі, і хутка, кажа Павел Усаў. Бізнесы Януковіча і ягоных алігархаў значна больш звязаныя з Еўропаю, чым, напрыклад, ва ўладаў Беларусі, і яны не змогуць ігнараваць пагрозы для сваіх грошай.

ПАВЕЛ УСАЎ, ПАЛІТОЛАГ:
“Гэта пакажа, што Еўразвяз салідарны з дэмакратычнай апазіцыяй, з моладдзю, што не толькі дэкларацыямі, але таксама і канкрэтнымі ўчынкамі можа паўплываць на Януковіча”.

Тым часам беларуская грамадзянская супольнасць вельмі сціпла адрэагавала на трагедыю ў Кіеве. У тым ліку на смерць нашага суайчынніка, Міхаіла Жызнеўскага з Гомля. Адзіная акцыя салідарнасці беларусаў – заклік прынесці кветкі да помніку Тарасу Шаўчэнку ў Менску – выйшла зусім не масавай.

ДАР’Я КАТКОЎСКАЯ, ЮРЫСТКА, ПРАВААБАРОНЦА:
“Куля – яна не ведае нацыянальнасці. Гіне армянін, гіне беларус, гінуць украінцы. Страшна”.

Тым не менш, нават тыя апытаныя намі менчукі, што ўвогуле супраць Еўрамайдану, у большасці не ўхваляюць дзеянняў украінскага спецназу.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Вядома, да зброі не мусіла даходзіць. Я супраць”.
“Трэба было выслухаць народ, іх патрабаванні ды ўсё. І ўсё было б добра”.

А цяпер – толькі кепска будзе.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў