Суд над «Белсатам» перанеслі на пятніцу


Пасля чарговага паседжання і выступу адваката нашага тэлеканалу разгляд судовага працэсу ў справе таварнага знаку «Белсат» перанеслі на пятніцу 24 студзеня на 11:00 у Вярхоўным судзе – на Валадарскага 8.

Абвінавачанне спадара Белякова тэлеканалу «Белсат» у незаконным выкарыстанні таварнага знаку стала падставаю для пазову ў лістападзе 2013 года. Справу разглядае Вярхоўны суд, што не дазволіць падаць апеляцыю пасля судовага выраку.

Першапачатковым патрабаваннем спадара Белякова было прыпыненне трансмісіі сігналу тэлебачання «Белсат» аператарамі спадарожніка «Astra». Аднак пасля першага паседжання пазоўнік змяніў патрабаванні ды жадае толькі прыпынення выкарыстання таварнага знаку «Белсат ТВ» («Belsat TV»).

Тэлеканал зарэгістраваны ў Польшчы, таксама, як і дамен сайту. Даменнае імя не зарэгістраванае ў Беларусі ды не адмініструецца з тэрыторыі Беларусі, а тэлебачанне не транслюецца з тэрыторыі Беларусі. Адпаведна, і таварны знак не падпадае пад юрысдыкцыю беларускага права.

Да таго ж «Белсат» зарэгістраваны як «Белсат ТВ» («Belsat TV»), а гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства – як «БЕЛСАТплюс» (пасведчанне аб рэгістрацыі № 190991566).

Фірма спадара Белякова займаецца продажам абсталявання для прыёму спадарожнікавага і кабельнага тэлебачання ды радыётэхнічнага абсталявання. Паводле заканадаўства, нельга блакаваць таварны знак, калі ён выкарыстоўваецца ў іншай галіне (трансляцыя і прадукцыя тэлевізійных праграмаў). Фірма «БЕЛСАТплюс» не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі.

ШВ, belsat.eu

Стужка навінаў