У Кіеве загінуў беларус з Гомля


25-гадовы Міхаіл Жызнеўскі стаў ахвяраю сутыкненняў на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве. Ён атрымаў агнявое раненне ў сэрца.

Міхаіл Жызнеўскі нарадзіўся 26 студзеня 1988 года, ён не дажыў некалькіх дзён да свайго 26-годдзя.

Хлопец сышоў з дому 11 верасня 2005 года. Праз некаторы час яго абвесцілі ў вышук, які летась спынілі, бо хлопца знайшлі ў Кіеве.

Жызнеўскі ўваходзіў у каманду Уладзіміра Клічко (брат Віталя Клічко), быў актывістам украінскай нацыяналістычнай арганізацыі УНА-УНСО (Українська національна асамблея–Українська народна самооборона). Меў мянушку «Локі».

Паводле непацверджанай інфармацыі, хлопец паходзіць з Гомля і мае там родных. Апошнім часам жыў і працаваў у Кіеве.

Хлопец быў ахоўнікам на Майдане. Сябры ды знаёмыя зазначаюць, што ён быў адным з найактыўнейшых байцоў УНА-УНСО.



«Гэта вельмі адказны ды энергічны чалавек, вельмі камунікабельны, увесь час меў пазітыўны настрой», – кажа журналістам радыё «Свабода» знаёмы Міхаіла.

На гэты момант паведамляецца пра двух загінулых падчас сутыкненняў з міліцыянтамі. Мужчына, якога лічылі загінулым ад падзення з каланады на вул. Грушэўскага, жывы.



У сваю чаргу ўкраінскі партал ZN.UA інфармуе пра яшчэ дзве ахвяры пратэстаў. У сяле Гнедзін недалёка ад Кіева знайшлі два целы са слядамі катаванняў. Раней туды вывезлі актывіста «Еўрамайдану» Ігара Луцэнку. Мясцовы ўчастковы пацвердзіў наяўнасць толькі аднаго цела.

ЮВ паводле svaboda.org

Стужка навінаў