Рэйдар – гэта гучыць... някрыўдна?


Суд Фрунзенскага раёну Менску вынес рашэнне, што дзелавая рэпутацыя ТАА «Еўрагандаль» (гандлёвая марка «Еўраопт») не была парушаная. Гэткі пазоў «Еўрагандаль» выстаўляў старшыню Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзіміру Карагіну.

Рэйдарства ёсць, а такога панятку ў законе – няма

Рэйдарскі захоп – працэс варожага, несумленнага паглынання кампаніі насуперак жаданню яе ўласнікаў, сістэма крокаў, якія штучна ствараюць сітуацыю, калі такі захоп становіцца магчымы.

Суд абавязаў «Еўрагандаль» кампенсаваць выдаткі Уладзіміра Карагіна на юрыдычныя паслугі ў памеры Br 12 млн 500 тысяч. Прадстаўнікі кампаніі каментаваць рашэнне суда адмовіліся, адзначыўшы, што будуць працягваць справу і, магчыма, падаваць касацыйную скаргу.

Справа цягнулася з лета 2013 года, калі ўладальнік крамы «Талін» Віктар Янушкоў заявіў, што адбыўся рэйдарскі захоп ягонай маёмасці з мэтаю здачы ў арэнду «Еўраопту».

Тады ж Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў склікаў круглы стол, прысвечаны праблеме рэйдарства ў Беларусі. Пасля круглага стала быў апублікаваны шэраг артыкулаў у медыях. І хоць нідзе «Еўрагандаль» наўпрост не называлі рэйдарам, кіраўніцтва кампаніі пабачыла ў публікацыях менавіта такі сэнс і абразілася.

«Еўрагандаль» абвінаваціў Уладзіміра Карагіна, былога дырэктара ЗАТ «Талін» Віктара Янушкова і трох журналістаў у нанясенні шкоды сваёй дзелавой рэпутацыі.

Асноўная ж праблема, паводле Уладзіміра Карагіна, была не ў «Еўраопце», а ў тых, хто імкнецца задаволіць попыт гандлёвай кампаніі на памяшканні, выкарыстоўваючы дзеля гэтага несумленныя метады. Аднак давесці гэтую несумленнасць не так проста, бо панятку «рэйдарства» ў беларускім заканадаўстве няма.

«Рэйдарства для Беларусі актуальнае настолькі, наколькі ў нас застаюцца прабелы ў заканадаўстве ў гэтай справе. На прыкладзе ЗАТ «Талін» мы бачым, што кіраўнікі нашых прадпрыемстваў не ведаюць пра гэтую пагрозу, як ёй супрацьдзеяць», – зазначыў старшыня Саюзу прадпрымальнікаў.

Галоўны рэйдар у Беларусі – дзяржава?

Апошнім часам усё часцей як асноўнага беларускага рэйдара згадваюць саму дзяржаву. Як прыклады несумленнага, рэйдарскага захопу прадпрыемстваў называюцца нядаўнія нацыяналізацыя кандытарскіх кампаніяў «Камунарка» і «Спартак».

Як рэйдарскія дзеянні ў галіне сельскай гаспадаркі некаторыя эксперты ацэньваюць знішчэнне свіней на прыватных падворках у 2013 годзе ў сувязі з распаўсюдам свіной чумы.

«Калі разглядаць рэйдарства як прымусовае завалодванне прадпрыемствам, сярод іншага праз выкарыстанне законных шляхоў, то выпадкі з «Камунаркаю» і «Спартаком» цалкам выглядаюць як дзяржаўнае рэйдарства, – адзначае эканамічны аглядальнік «Белсату» Аляксей Мінчонак. – Мы бачым, як дзяржава лабіюе прыняцце законаў ці падзаконных актаў, што дазваляюць ёй штучна пашырыць сваю долю ці яшчэ неяк стаць уласніцаю прадпрыемства, якім яна да гэтага не валодала. Гэта можна назваць рэйдарствам на дзяржаўным узроўні».

У той час як эксперты і бізнесоўцы настойваюць на неабходнасці антырэйдарскага заканадаўства, на дзяржаўным узроўні гэтае пытанне пакуль не абмяркоўваецца. Аляксей Мінчонак звяртае ўвагу на магчымыя прычыны: «Паколькі дзяржава ў нас часцяком сама выступае рэйдарам, то і ў заканадаўстве нічога няма. Таму ў нас не прымаецца такі закон, і пра гэта нават не размаўляюць. Чыноўнікі, дэпутаты гэтага пытання не ўздымаюць».

Замежныя інвестары не абароненыя ад рэйдарства

На думку Уладзіміра Карагіна, прыняцце антырэйдарскага закону будзе спрыяць празрыстасці працэсу прыватызацыі, развіццю рынкавых дачыненняў, дэманапалізацыі, супрацьдзеяць карупцыі. У той час як адсутнасць у заканадаўстве дакладна прапісаных фармулёвак заніжае рэйтынг Беларусі ў міжнароднай эканамічнай прасторы, перашкаджае прыходу сур’ёзных і сумленных інвестараў у краіну.

«Гэта важна і таму, што мы працуем у адзінай эканамічнай прасторы з Расеяй і Казахстанам, дзе гэтая тэма добра прапісаная ў заканадаўстве, запушчаная ў абарачэнне адпаведныя лексіка і тэрміналогія, і можна з дастатковаю дакладнасцю з гледзішча права ацэньваць дзеянні юрыдычных ці фізічных асобаў», – лічыць адмысловец.

Уладзімір Карагін зазначыў, што Саюз прадпрымальнікаў збіраецца зноў ладзіць круглыя сталы на тэму рэйдарства. «Мы будзем гэтую тэму падымаць, у тым ліку ў праекце «Нацыянальнай платформы бізнесу Беларусі – 2014», над якою мы цяпер працуем», – зазначыў спадар Карагін.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў