Калі запрацуе гарналыжны комплекс ля Горадні?


Гарадзенцы ўжо маюць свой гарналыжны курорт. Будаўніцтва завершылася, але ездзіць яшчэ нельга. Усцяж невядома, хто будзе гаспадаром «гары». Дакладнага тэрміну, калі гарадзенцы перастануць ездзіць у Друскенікі ды змогуць паспрабаваць сваю трасу, пакуль няма.

За 15 км ад Горадні на пад’ездзе да Каробчыцаў ужо здалёк відаць новы насып. Перад паркам адпачынку размясцілася аўтастаянка на 275 месцаў, ёсць месца для чатырох экскурсійных аўтобусаў. Пакінуўшы аўтамабіль, пешкі дабіраемся да будынку, дзе хутка будуць выдаваць лыжы ды іншы спартовы рыштунак. Таксама там паселяцца інструктары, ратаўнікі, ахоўнікі. Пакуль будынак пусты.

У гарналыжным комплексе будзе тры трасы. Навучальная, яна ж прызначаецца і для дзяцей, дасягае вышыні 168 м, а доўжыцца 250 м. Сярэдняя паводле вышыні траса падымаецца на 181 м і цягнецца 350 м. Прафесіяналам жа запрапануюць падняцца на пік горкі – на вышыню 190 м, даўжыня самай складанай трасы – 450 м.

Асобны з’езд (250 м) прадугледжаны для аматараў цюбінгаў – адмысловых гумавых надзіманых подушак-санак. Пакуль асобныя трасы толькі ўгадваюцца вокам.

Угору давязуць канатныя пад’ёмнікі: сесці ў іх нельга, яны цягнуць лыжнікаў стоячы.

З першым снегам паспрабавалі, як працуюць снегавыя пушкі, што будуць забяспечваць пакрыццё схілаў. Усталяваныя 4 прылады амерыканскай вытворчасці могуць пакрыць снегам усю горку за чацвёра содняў.

На Гарадзеншчыне багата ўзгоркаў, аднак каб сфармаваць горку, як распавёў намеснік галоўнага інжынера ДБТ № 6 Аляксандр Марцулевіч, будаўнікі насыпалі яшчэ зямлі вышынёю 48 метраў.



Дырэктар ДБТ № 6 Сяргей Смурага патлумачыў, што тэрмін здачы аб’екту быў прызначаны на 31 снежня. Адтэрмінавалі ж адкрыццё праз надвор’е – было дажджліва і цёпла, таму і выпрабаванне абсталявання прыйшлося адкласці.

Улетку тут плануецца зрабіць пляцоўкі для пейнтболу, квадрацыклаў.



У Беларусі ўжо працуюць некалькі гарналыжных комплексаў: «Сілічы» і «Трайпл» ля Лагойску, «Веста» каля Дзяржынску, «Якуцкія горкі» на шляху паміж Горадняю ды Заслаўем, ёсць комплекс і ў Гомельскай вобласці.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў