Лябедзька: Суддзі ў Беларусі вымерлі яшчэ ў 1996-м


Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што і надалей будзе змагацца за адмену аўтамабільнага мыта і адстаўку ўраду, нягледзячы на штраф памерам каля 6 млн – за збор подпісаў

«Толькі змена ўлады можа змяніць у лепшы бок сітуацыю ў Беларусі», – лічыць старшыня АГП, якога суд Савецкага раёну Менску прызнаў вінаватым у правядзенні несанкцыянаванай акцыі 5 студзеня, калі Лябедзька разам з сустаршынём кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктарам Карнеенкам збіраў подпісы за адмену аўтамабільнага мыта і адстаўку ўраду.

{movie}Лябедзька: Суддзі ў Беларусі вымерлі яшчэ ў 1996-м |right|14241{/movie}

Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 45 базавых велічынь (Br 5 850 000). У пратаколе міліцыянты зазначылі, што Лябедзька праводзіў «несанкцыянаваны сход з мэтаю збору подпісаў».

Падчас судовага паседжання Лябедзька выказваў недавер як суддзі Кірылу Палулеху, гэтак і міліцыянтам, якія складалі рапарт і пратакол аб правапарушэнні.

Лідар АГП лічыць, што дакументы працаўнікоў міліцыі не могуць мець юрыдычнай моцы, бо ў іх дапушчаныя фактычныя памылкі. У прыватнасці, у рапарце напісана, што разам з Лябедзькам і Карнеенкам подпісы таксама збіраў лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, які ў ініцыятыве ўдзелу не браў.

На меркаванне лідара АГП, «суддзі ў Беларусі вымерлі яшчэ годзе ў 1996-м. А няма суддзяў – няма незалежнай судовай сістэмы».

«Відавочна тое, што у грамадзянаў Беларусі як не было суда, пачынаючы недзе з 1996 года, гэтак і няма па сённяшні дзень, – заявіў палітык. – Гэта азначае, што тут могуць пачувацца абсалютна камфортна забойцы, гвалтаўнікі, педафілы, той, хто хлусіць. А вось нармальны чалавек будзе адчуваць сябе дыскамфортава, бо калі ён па той бок палітычных барыкадаў, ён заўсёды застанецца вінаваты».

Пастанову суда Лябедзька плануе абскардзіць, аднак канчатковае рашэнне прыме пасля кансультацыі з юрыстамі.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў