«Мне ўпіхнулі ручны кулямёт, і я зразумеў: гэта – правакацыя!»


У ноч з 12 на 13 студзеня 1991 года падчас штурму віленскага тэлецэнтру савецкімі войскамі былі забіты 13 асобаў, амаль паўтары сотні – параненыя. Увечары ў сталіцы Літвы адбылася цырымонія запальвання вогнішчаў на знак памяці пра абаронцаў свабоды ля будынкаў літоўскага радыё і тэлебачання, парламенту і тэлевежы.

{movie}Удзельнік падзеяў 1991 года ў Вільні: Давалі зброю, каб была нагода мяне застрэліць|right|14232{/movie}

«Наш сын тады быў у адзінаццатым класе. Не прадчуваючы бяды, пайшоў з сябрамі да тэлевежы, узяўшы гармонь. Як і ўсе, спявалі песні. Мы жывем недалёка, і нашыя суседзі сказалі, што едуць танкі да вежы. Тады мы фактычна выскачылі з ложкаў і пайшлі сюды. Гэта было каля 10 гадзіны вечара. Тут ужо стаялі танкі», – узгадвае ўдзельнік студзеньскіх падзеяў у Вільні Ёнас Садаўскас.

«Памятаю, як стрэльне той танк, суседка кідаецца на зямлю і ляжыць, – працягвае сп. Садаўскас. – А я падумаў – не такія страшныя ўжо тыя стрэлы. Людзі атачылі тэлевежу колам. Танкі і грузавікі з жаўнерамі пад’ехалі збоку. І гэтыя жаўнеры пачалі наступаць. Мы схавалі жанчын за спінамі, самі сталі наперад. Падыйшлі вайскоўцы, нейкія малыя ростам у параўнанні з намі. Думаем, што яны нам зробяць? Выцягваюць дубінкі і давай махаць. Мы неяк адбіліся. Яны пачалі адыходзіць. Мы дзівімся: няўжо сыдуць? Але яны схавалі дубінкі і дасталі аўтаматы».

Паводле відавочца, людзі моцна не супраціўляліся: што ты зробіш без зброі? «А мне вайсковец упіхвае нейкі ручны кулямёт зялёнага колеру, кажа па-расейску «На! Бери!» А я адказваю: «Нет, нам оружие не надо». Я зразумеў, што гэта была правакацыя. Хацелі, каб была нагода мяне застрэліць ці проста засняць на відэа», – упэўнены сп. Садаўскас.

Адзін з галоўных падазраваных у справе аб забойствах мірных грамадзянаў у 1991 годзе – генерал Уладзімір Усхопчык, які цяпер хаваецца ў Беларусі.

«Я мяркую, што кожная ўлада мусіць зразумець: хаваючы злачынцаў, яна не дадае справядлівасці ні для Літвы, ні для сваёй краіны. Веру, што справядлівасць урэшце пераможа, і тыя, хто хавае злачынцаў, таксама будуць вымушаныя за гэта адказаць», – сказаў міністр абароны Літвы Юозас Олякас карэспандэнту «Белсату» на цырымоніі запальвання вогнішчаў.

{movie}Міністр абароны Літвы: Тыя, хто хаваюць злачынцаў, некалі адкажуць за гэта |right|14217{/movie}

Напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што Генеральная пракуратура Літвы заканчвае рыхтаваць еўрапейскія ордары на арышт 79 асобаў. Падазраваныя – грамадзяне Беларусі, Расеі ды Украіны, якія ў 1991 годзе займалі высокія пасады ў Камуністычнай партыі, Міністэрстве абароны і спецслужбах.

Генерал Уладзімір Усхопчык у той час быў камандзірам 107-й мотастралковай дывізіі Савецкай арміі ды начальнікам Віленскага гарнізону. З 1991 года генерал жыве ў Беларусі ды нават займаў пасаду намесніка міністра абароны. Афіцыйны Менск адмаўляецца выдаваць яго праваахоўным органам Літвы.

АК, НЯ, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў