Рэйдарства і рэпутацыя па-беларуску


Працэс ужо стаў гучным, але ніяк не можа пачацца… Разгляд сутнасці справы аб позве “Еўрагандлю” да старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў з учора перанеслі на сёння, а з сёння – на наступную пятніцу. Пры гэтым бадай штодня павялічваецца колькасць тых, да каго гандлёвая сетка мае прэтэнзіі.

{movie}Рэйдарства і рэпутацыя|right|14202{/movie}

Адказнікаў паболела, суд перанеслі. Цяпер, акрамя старшыні Менскага саюзу прадпрымальнікаў Уладзіміра Карагіна і бізнесоўцы Віктара Янушкова адказваць у судзе і адбельваць рэпутацыю “Еўрагандлю” маюць журналісты і шэраг інтэрнэт-парталаў.

Агенцтву БелаПАН і парталу Naviny.by найбуйнейшая ў краіне гандлёвая сетка выстаўляе прэтэнзіі за публікацыю “Рэйдарства ў Беларусі няма. Але прадпрыемствы захопліваюць?”. Электронная газета “Ежедневник” будзе адказваць за артыкул “У Беларусі актывізаваліся рэйдары?”.

СЯРГЕЙ САЦУК, ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР «ЕЖЕДНЕВНИКА»:
“Калі ахарактарызаваць гэтую справу, то можна назваць яе беспрэцэдэнтнай, бо ўпершыню ў нашай практыцы “Еўрагандаль” спрабуе зняпраўдзіць звесткі, якіх мы не распаўсюджвалі. Яго прадстаўнік прыводзіць цытаты з артыкулу і сцвярджае, што з іх вынікае такая выснова, а з гэтай высновы – наступная выснова”.

Аднак зняпраўджаннем высноваў, якія зрабіў пазоўнік, мусіць займацца ён сам, але не выданне, мяркуе журналіст. Што да закранутай у матэрыялах праблемы рэйдарства ў Беларусі, адказнікі Карагін і Янушкоў звярнулі на яе ўвагу летась у чэрвені падчас адмысловага круглага стала. Абмеркаванне і сталася прычынаю позвы ад “Еўрагандлю”.

ВІКТАР ЯНУШКОЎ, БІЗНЕСОЎЦА:
“Існуе тэндэнцыя захопу прадпрыемства ў прынцыпе наступным шляхам: скупка кантрольнага пакету акцыяў, і далей, калі кантрольны пакет набыты, прадпрыемства для гэтага наймальніка становіцца нецікавым”.

Астатнія ж акцыянеры папросту выпадаюць з бізнесу, а новы гаспадар аддае аб’ект, каму захоча. Паводле адказнікаў, гэткім чынам захапілі ўніверсам “Талін”. Цяпер на яго месцы – менавіта адна з крамаў “Еўраопту”.

АЛЯКСАНДР ПАЎЛАЎ, САЮЗ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ:
“Пра тое, што дамову пра арэнду заключылі, нам паведамілі падчас сходу. Рэйдарства мы ўжо ўбачылі. Пасля круглага стала мы бачылі, і як калійную кампанію захоплівалі, а гэта рэспубліканскі маштаб. У медыях мы чытаем, як захопліваюць «Берасцейскае піва»”.

Змагання ж з рэйдарскімі захопамі бізнесу на дзяржаўным узроўні амаль няма, а самое слова “рэйдарства” нават адсутнічае ў беларускім заканадаўстве, мяркуе галоўны адказнік.

УЛАДЗІМІР КАРАГІН, САЮЗ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ:
“Калі ты ўкладаў грошы, набываў акцыі, а потым аказваецца, што гэтага аб’екту проста не існуе. Шмат ёсць іншых прыкладаў. Таму гэта, натуральна, сур’ёзная праблема, і таму беларускае заканадаўства патрабуе прыярытэтнага развіцця ў гэтым кірунку”.

Прадстаўнікі пазоўніка каментаваць сваю пазіцыю і хаду працэсу адмаўляюцца. Вядомыя толькі патрабаванні да адказнікаў: зняпраўдзіць агучанаю падчас круглага стала інфармацыю, якую потым апублікавалі медыі.

Праз перакваліфікацыю ж прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі са сведкаў у суадказнікаў судовае паседжанне перанеслі на наступную пятніцу.

Алесь Яшчанка, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў