Епіскапа Стэфана ўцягнулі ў гей-скандал праз ягоную сімпатыю да незалежнасці?


Епіскап Стэфан, якога праваслаўны тэолаг Андрэй Кураеў звінаваціў у інтымных дамаганнях да мужчынаў, мог быць зняслаўлены, бо яго западозрылі ў таемным прасоўванні царкоўнай незалежнасці ад Масквы.

Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан узначальвае камісію Беларускага экзархату Маскоўскага Патрыярхату ў справе кананізацыі ды паспеў ужо шмат зрабіць у кірунку праслаўлення навамучанікаў і вызнаўцаў, паведаміў у сваім «Фэйсбуку» праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

«Вось у сувязі з працаю гэтай камісіі, мабыць, і здарылася самая галоўная непрыемнасць. Рэч у тым, што Патрыярхія патрабуе, каб усе кананізацыі ў абавязковым парадку зацвярджаліся ў Маскве. А Стэфан меў неасцярожнасць выказацца пра тое, што мы гэта можам і самі рабіць, за што быў неадкладна западозраны ў таемным прасоўванні аўтакефаліі. А ў вачах цяперашняга кіраўніцтва РПЦ гэта найцяжэйшы грэх», – мяркуе айцец Шрамко.

Тое, што Андрэй Кураеў менавіта ў гэты момант заатакаваў беларускага епіскапа, айцец Шрамко лічыць падазроным. Паводле святара, РПЦ, магчыма, занялася ачышчэннем сваіх шэрагаў, а гей-скандал можа быць нагодаю, каб пазбавіцца ад непатрэбных іерархаў.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў