Беларускія жанчыны сталі ахвярамі польскіх сутэнёраў


Злачынцам ужо выставілі абвінавачанні. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

У злачынную групу ўваходзілі як мінімум 18 асобаў. Яны займалася гандлем людзьмі, зводніцтвам і спрыялі прастытуцыі. Справа ўжо трапіла ў акруговы суд польскага гораду Гожаў-Велькапольскі (Gorzów Wielkopolski). Сярод ахвяраў гандляроў людзьмі і сутэнёраў – жанчыны з Беларусі ды Украіны.

Са словаў прэс-сакратара Кіраўніцтва раённай пракуратуры Гожава, на лаве падсудных акрамя уладальнікаў г. зв. эскорт-агенцтваў апынуліся таксісты, кельнеры і людзі, якія вазілі жанчын у месцы аказання сексуальных паслуг. Да адказнасці могуць прыцягнуць і тых, хто даваў абвесткі з прапановай інтымных паслуг у мясцовых газетах.

Следства ў гэтай справе пачалося яшчэ ў 2007-м, калі адну з ахвяраў злачынцаў сілком вывезлі ў польскі горад Жэпін (Rzepina) і змусілі займацца прастытуцыяй.

Следства выявіла, што злачынцы пачалі займацца гэтым «бізнесам» пры канцы 90-х гг. мінулага стагоддзя.

«Трое з абвінавачаных, выкарыстоўваючы цяжкае фінансавае становішча жанчын, вербавалі іх на тэрыторыі Беларусі. Такім чынам ў Гожаў трапілі шэсць беларусак», – кажа прэс-сакратар Кіраўніцтва раённай пракуратуры Гожава Дар’юш Дамарэцкі (Dariusz Domarecki). Ён таксама дадаў, што жанчыны звычайна атрымоўвалі за свае паслугі палову сумы, якую плаціў кліент. Другая частка грошай трапляла ў кішэню ўладальнікаў эскорт-агенцтваў. Паводле інфармацыі следчых, злачынцы зарабілі на беларусках і ўкраінках каля Br 50 тыс.

KR, PAP, ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў