Колькі можна зацягваць пасы?


Узмацніць давер да рубля і паспрыяць дэдаларызацыі эканомікі – такія мэты Нацбанку на 2014 год. Адбывацца ж гэта будзе па-ранейшаму ручным кіраваннем. Сёлета ж, як абяцаюць у галоўнай фінансавай установе, эканамічная палітыка стане яшчэ больш жорсткая. Чаму ўлады анансуюць такія крокі, і якія могуць быць наступствы?
{movie}Зацягнуць паясы (08.01.2014)|right|14143{/movie}
Разгон крэдытавання стаў адным з галоўных інструментаў, якім летась улады ўтрымалі эканамічны рост ад поўнага спынення. Але гэта выклікала незадаволенасць замежных крэдытораў.

АНТОН БОЛТАЧКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»: “Мы можам сказаць адназначна, што патрабаванні банкаўскай сістэмы да эканомікі перавысілі 30 % гадавых. Адпаведна, убачыўшы гэтыя лічбы, вядома, што транш шосты затрыманы да сярэдзіны 2014 года”.

Гаворка – пра апошні транш антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. У межах стабілізацыйнай праграмы, увязанай з выдзеленым раней 3-мільярдавым крэдытам, Менск абяцаў фонду абмежаваць штомесячны прырост крэдытаў адным адсоткам. З прычыны парушэння гэтага паказніку экспертная рада фонду, дзе дамінуе Расея, адтэрмінавала выплату траншу спачатку на два месяцы, а потым яшчэ на шэсць.

Летась без гэтых грошай удалося абысціся – дзякуючы аналагічнай суме, атрыманай у апошнія дні года беспасярэдне ад ураду Расеі. Але сёлета без шматмільярдавых замежных пазыкаў утрымаць золатавалютавыя рэзервы нават на існым мінімальным узроўні – эквіваленце двухмесячнага імпарту – уладам будзе няпроста.

АНТОН БОЛТАЧКА, «ЛІБЕРАЛЬНЫ КЛУБ»:
“Неабходна абслужыць тыя крэдыты, якія ёсць у нас на сённяшні дзень, і ў 2014 годзе прыйдзецца выплаціць каля $ 3,5 млрд”.

Каб выплаціць такую суму, улады плануюць яе перапазычыць. Паўтара мільярда долараў абяцае Расея. Апроч гэтага, беларускае Міністэрства фінансаў спадзяецца залучыць яшчэ $ 800 млн – за кошт новага выпуску еўрабондаў.

Каб атрымаць гэтыя грошы пад годны адсотак, Менск мусіць пераканаць міжнародных інвестараў у сваёй прыхільнасці фінансавай дысцыпліне і, адпаведна, меншай рызыцы дэфолту.

З аднаго боку, настрой ураду на дысцыпліну дае надзею на стабільнасць нацыянальнай валюты. Станоўча для спажыўца гучыць і абяцанне Нацбанку захаваць высокія стаўкі на рублёвых дэпазітах. Эксперты таксама мяркуюць, што істотных скарачэнняў пазбегне спажывецкае і жыллёвае крэдытаванне.

Але, у выніку, галоўны ўдар прыме на сябе рэальны сектар.

ВАДЗІМ ІОСУБ, АНАЛІТЫК «АЛЬ-ПАРЫ»: “Для шмат якіх прадпрыемстваў, асабліва для неэфектыўных прадпрыемстваў, якія не могуць існаваць без пазыковых сродкаў, гэта можа закончыцца проста спыненнем”.

Паводле інстытуту Мінэканомікі, ужо ў снежні недахоп крэдытаў змусіў амаль палову беларускіх прадпрыемстваў скараціць вытворчасць. На думку экспертаў, сёлета шмат якія прадпрыемствы не здолеюць пракарміць існую колькасць работнікаў нават няпоўнымі працоўныя тыднямі ды скарачэннямі заробкаў, як гэта рабілася апошнія два месяцы.

ВАДЗІМ ІОСУБ, АНАЛІТЫК «АЛЬ-ПАРЫ»: “Хутчэй за ўсё, беспрацоўе, звальненні, скарачэнні паціху будуць нарастаць”.

Знайсці ж сабе дастойную новую працу дома шмат якія беларусы на фоне эканамічнай рэцэсіі ўжо не спадзяюцца. А моладзь, апярэджваючы скарачэнні, нярэдка едзе шукаць заробкаў за мяжою ўжо цяпер.

Некаторыя эксперты адзначаюць, што выцісканне беларусаў на заробкі за мяжу можа быць свядомаю палітыкаю ўлады. Бо, апроч экспарту працоўнай сілы, рэсурсаў для таго, каб далей рухаць эканоміку наперад, засталося небагата.

Станіслаў Івашкевіч, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў