Спевы пад ізалятарам, куцця з еўрапейскаю сімволікаю і «Юля – наш прэзідэнт!»


Як сустракалі Раство ўдзельнікі «Еўрамайдану» ў розных украінскіх гарадах?

У Кіеве ў ноч з 6-га на 7 студзеня сабраліся каля 5 тыс. асобаў. З 22:00 да паўночы ішла Божая служба, падчас якой разам маліліся праваслаўныя і грэка-каталіцкія святары. Пазней на сцэне выступалі розныя батлейкі ды хоры.

Святкаванне, праўда, праходзіла ў прыцемках, бо ўпершыню на Майдане незалежнасці не запалілі ніводнага ліхтара і тэрыторыя за сцэнаю асвятлялася ў асноўным святлом ад вялікага экрана, размешчанага на Доме прафсаюзаў, а таксама свечкамі, якія прынеслі з сабою людзі.

Раніцаю 7 студзеня актывісты Аўтамайдану [гэтак называецца рух кіроўцаў, якія ладзілі па Кіеве аўтапрабегі дзеля падтрымання пратэстаў – belsat.eu] калядавалі пад сценамі следчага ізалятару, дзе трымаюць арыштаваных журналіста ініцыятывы «Дарожны кантроль» Андрэя Дзындзю, актывіста Уладзіміра Кадуру і адваката Віктара Смалія. Разам з Аўтамайданам пад СІЗА завіталі каляднікі ў народных строях з Львоўскай вобласці – гурт «Вадаграй».

Актывісты Еўрамайдану адзначылі Каляды не толькі ў Кіеве, але і ў шмат якіх іншых гарадах Украіны. У Данецку пратэстоўцы зарганізавалі калядную батлейку. Сярод персанажаў з’явіліся прадстаўнікі «Беркута», якія праславіліся жорсткім разгонам студэнтаў з Еўрамайдану ў Кіеве, ды «чэрці», а Іраду надзелі футравую шапку замест кароны і пасялілі, паводле сцэнара, у «палацы паміж гарамі» (намякаючы на рэзідэнцыю Віктара Януковіча ў Мэжыгір’і).

{movie}Калядкі на Еўрамайдане|right|14113{/movie}

Удзельнікі данецкага Еўрамайдану прынеслі з сабою куццю і частавалі ёй ўсіх ахвотных. Да таго ж у Данецк прывезлі падарункі ад львоўскіх актывістаў – сцягі ды елачныя ўпрыгажэнні з украінскаю і еўрапейскаю сімволікаю.



Пад харкаўскаю лякарняю Украінскай чыгункі са святам павіншавалі Юлію Цімашэнку. Туды прыехала дэлегацыя сябраў партыі «БацькіўшчЫна», якія сканданавалі «Юля, віншуем з Калядамі!», «Юля – мы разам!», «Юля, Кіеў з табою!» і «Юля – наш прэзідэнт!».



Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў