Самую доўгую «варонку» ў Беларусі з’елі пад Горадняю + (ФОТА)


Перад Раством Гарадзенскі мясакамбінат вырабіў святочныя каўбасы даўжынёю 3 м. Даўжыня чэргаў за імі значна перавысіла даўжыню самога пачастунку.

Аднак дыяметр у мясных вырабаў быў звычайны. Раз’есці рэкордна доўгую паводле беларускіх мерак каўбасу ў маёнтку «Каробчыцы» вырашылі невыпадкова – сядзіба належыць мясакамбінату. За некалькі дзён да свята выпусцілі святочную «Георгіеўскую», і «Доктарскую» каўбасу. Агулам зрабілі тры батоны сыравяленай і два – варанай, частка з іх прызначалася для дэгустацыі, а рэшта – на продаж.

Перад дэбютам «варонкі» зладзілі генеральную рэпетыцыю

Паводле працаўніцы маёнтку Настассі Гузевіч, ідэя зрабіць гіганта прыйшла ў галаву працаўнікам сядзібы падчас рыхтавання да свята, а дырэктар мясакамбінату яе падтрымаў. Аднак каб прэзентаваць грамадскасці шэдэўр, падстрахаваліся «рэпетыцыяй». Папярэдне вырабілі пробныя каўбасы. Эксперымент удаўся, таму прэзентацыю рабіць было не страшна.

Папярэдне шмат карыстальнікаў у інтэрнэце скептычна выказваліся пра каўбасную ініцыятыву, маўляў, неверагодна, каб такая доўгая каўбаса вытрымала транспартаванне. Сумняваліся і наконт складу прадукту. Але ж спадарыня Настасся адзначыла, што вырабы зробленыя цалкам з тых жа прадуктаў, як заўжды. А вось транспартаванне сапраўды аказалася нялёгкае. Для транспартавання нефарматных каўбасаў замовілі фуру-рэфрыжэратар і трохметровыя падносы, на якія батоны клалі адразу з канвееру.

Як паведаміў в. а. дырэктара маёнтку «Каробчыцы» Валерый Бурдук, гэта – не апошні сюрпрыз, які прынясе мясакамбінат. Сёлета яго працаўнікі плануюць яшчэ неаднаразова здзівіць аматараў.

«Мы ўжо зразумелі, як вырабляць каўбасу, каб яна не ламалася. Таму думаем выпусціць яшчэ больш доўгую. Аднак не буду дзяліцца адразу ўсімі сакрэтамі», – распавёў спадар Валерый. Ён з усмешкаю выказаў спадзеў, што калісьці Горадня паставіць бельгійскі каўбасны рэкорд – 4 км.

Метр «варонкі» прадавалі па Br 400 тыс.

У святочны дзень ахвотных бясплатна пакаштаваць новую цікавінку было шмат. Але дэгустацыю прытрымалі, чакаючы два аўтобусы з расейскімі турыстамі.

Святкаванне Раства распачалося канцэртам ды імпрэзаю з удзелам Машы і Мядзведзя, Шпіка, Лісічкі, Кікімары і традыцыйных Дзеда Мароза і Снягуркі. Сярод музычных калектываў, якія павіншавалі праваслаўных з Раством, быў і царкоўны дзіцячы хор.

Першы батон «варонкі» пайшоў з малатка на адмысловым аўкцыёне. У якасці лота прысутным запрапанавалі 1 м. «Доктарскай» каўбасы плюс 10 сантыметраў у падарунак. Вядоўца адразу ж паведаміў першапачатковы кошт. Аднак замест таго, каб абвесціць «Br 59 тыс. за кг», ён выпадкова вымавіў – «за метр». Пакупніца адразу ж знайшлася. Але ж калі аказалася, што ў метры ажно 7 кг, якія каштуюць больш за Br 400 тыс., «самая ярая аматарка доктарскай каўбасы» перадумала. У выніку яна набыла толькі 1 кг каўбасы і атрымала ганаровую грамату за сваю «прыхільнасць варонцы».

Міжнародны каўбасны рэкорд

Самую доўгую каўбасу ў свеце зрабілі ў канадскім горадзе Кітчэнэр у красавіку 1995 года. Яна працягнулася на 46,3 км.

Настасся Фрода, belsat.eu

Стужка навінаў