Новае на «Белсаце»: «Людскія справы» з Алесем Залеўскім


Што насамрэч хвалюе беларусаў, не ведаюць ні сацыёлагі, ні ўлады, ні апазіцыя. Да такой высновы прыйшоў журналіст і вядоўца «Белсату» Алесь Залеўскі. Рыхтуючы свае рэпартажы, ён сутыкнуўся з сотнямі людзей, невядомымі праблемамі і неадназначнымі настроямі.

І ўлады, і апазіцыя, і нават навукоўцы глядзяць на беларусаў праз крывое люстэрка, навязваючы людзям уласныя стэрэатыпы. «Тры па трыццаць. Мы (я асабіста і багата маіх калегаў), начытаўшыся сацыялагічных даследаванняў і паліталагічных каментароў, бачым у беларусах 30 % – «за Лукашэнку», 30 – супраць і 30 – гэтак званага «балота», што ідзе за большасцю або за мацнейшым, – распавядае Алесь Залеўскі. – З такім кісялём у галаве, самаўпэўнены магістр паліталогіі ды журналіст на «Белсаце», я адправіўся ездзіць па Беларусі, каб здымаць цікавыя рэпартажы».

{movie}Праграма «Людскія справы». Анонс |right|14096{/movie}

А ў выніку – адкрыў зусім іншыя супярэчнасці. «Гэта і рэгіянальныя чыннікі, якія нас адрозніваюць (Захад–Усход), і гістарычныя, і рэлігійныя ды шматлікія іншыя. Аказваецца, Беларусь, а перадусім яе насельнікі мала ведаюць адзін пра аднаго. Аказваецца, стэрэатыпы, насаджаныя СМІ ды дзяржаўнаю ідэалогіяй, – гэта «налёт», які знікае, як толькі мы пачынаем развязваць свае гаспадарчыя праблемы ці задумвацца, як палепшыць жыццё», – кажа Алесь Залеўскі.

Таму, каб палепшыць жыццё, мала проста замяніць аднаго чалавека іншым, як гэта падказвае рэцэпт прыхільнікаў раскладкі «тры па трыццаць».

З героямі сваіх рэпартажаў Алесь Залеўскі праводзіў цэлыя дні. Такіх людзей набралася ўжо добрая сотня – з розных куткоў краіны, з розным сацыяльным статусам і рознымі чаканнямі ад жыцця. «Размаўляючы з імі, я зразумеў, што нашыя праблемы не вырашацца, а жыццё не палепшыцца, бо кожны змагаецца за гэта паасобку. І вельмі часта разбівае лоб аб сцяну, створаную чыноўнікамі».

Беларусаў не аб’ядноўваюць ні чарка, ні скварка, ні прага змагання або мірнае неба над галавою, зазначае аўтар. Іх аб’ядноўваюць людскія справы. Справы, якія замоўчваюць чыноўнікі ды медыі. «Пра такія людскія праблемы і будзе нашая праграма. Я перакананы, што вырашацца яны толькі тады, калі пра іх у студыі будзе казаць канкрэтны чалавек з канкрэтнай вёскі, які прыехаў да нас з канкрэтнаю праблемаю».

Пераканацца ў гэтым Алесь Залеўскі запрашае і вас. Прэм’ера праграмы «Людскія справы» – у нядзелю, 12 студзеня а 19:15. Праграма будзе выходзіць раз на 2 тыдні.

АК, belsat.eu

Стужка навінаў