Еўрамайдан у навагоднюю ноч збіраецца патрапіць у Кнігу рэкордаў Гінэса


Актывісты Еўрамайдану падрыхтавалі праграму святкавання Новага года. Усяго цягам ночы на сцэну выйдуць каля дваццаці рок-гуртоў. Удзельнікі Еўрамайдану збіраюцца паставіць таксама сусветны рэкорд.

Адзначаць Новы год пратэстоўцы пачнуць а 21:00 паводле кіеўскага часу. На 22-ю гадзіну запланаваная «зорная» батлейка. Сцэнарысты дзеі хочуць перадаць дух Еўрамайдану: лідар гурта «Тартак» Аляксандр Палажынскі зайграе у ёй жаўнера ўнутраных войскаў, народны дэпутат Уладзімір Ар’еў выйдзе ў вобразе цара, а ў правакатараў-«цітушак» пераўвасобяцца музыкі гурта «ТНМК» Фозі ды Фагот.

«Мы зацвердзілі канцэпцыю барыкаднага Новага года. Запрашаць на выступ зорак эстрады, якія не разумеюць духу Майдану, на наш погляд, не мае сэнсу. Таму ў навагоднюю ноч са сцэны выступіць першая дваццатка ўкраінскіх рок-гуртоў, якія да гэтага бралі ўдзел у жыцці Майдану», – адзначыў дэпутат-апазіцыянер Алесь Даній.

На Еўрамайдане рыхтуюцца паставіць сусветны рэкорд: за 10 хвілінаў да Новага года ўсе прысутныя на плошчы адначасова хорам выканаюць гімн Украіны. Прадстаўнікі Кнігі рэкордаў Гінэса будуць прысутнічаць на Майдане, каб зафіксаваць колькасць людзей, якія адначасова спяваюць нацыянальны гімн.



Live streaming video by Ustream

Live streaming video by Ustream

Каардынатары Майдану паведамілі, што ўсе пратэстоўцы і кіяўляне, якія будуць святкаваць на плошчы, атрымаюць безалкагольнае шампанскае і прысмакі. Таксама плануецца вялікі феерверк.

А 23:55 на сайце kraplya.com, а таксама ў эфіры hromadske.tv будзе транслявацца навагодні зварот народу Украіны да прэзідэнта Украіны. У запісе ўзялі ўдзел больш за 50 грамадзянаў з усіх рэгіёнаў краіны. У сваім выступе ўкраінцы закрануць найбольш знакавыя моманты 2013-га года.

Разам з тым міліцыя ўжо спрабуе сапсаваць свята. На сайце МУС з’явілася навіна, нібыта за апошнія содні ў Шаўчэнкаўскім раённым упраўленні Кіева зарэгістравалі 16 паведамленняў аб супрацьпраўных дзеяннях мітынгоўцаў, сярод якіх збіццё і крадзяжы. Акрамя гэтага, у міліцыі палохаюць, што зафіксавалі адно згвалтаванне.

Прадстаўнікі Еўрамайдану кажуць, што заявы міліцыі аб правапарушэннях на тэрыторыі намётавага мястэчка – гэта правакацыі. «Тут няма нічога падобнага. У нас поўны кантроль, поўны парадак і дысцыпліна. Гэта ўсё няпраўда», – заявіў дэпутат ад партыі «Свабода» Міхаіл Блавацкі.

Новы год за кратамі сустрэнуць трое ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту і адзін адвакат, які супрацоўнічаў з незалежнаю прэсаю нягледзячы на тое, што Закон аб амністыі ўдзельнікаў Еўрамайдану набыў моц яшчэ 26 снежня. Гэта Уладзімір Кадура, якога падазраюць у кіраванні бульдозерам падчас штурму Адміністрацыі прэзідэнта; 21-гадовы Яраслаў Прытуленка; журналіст антыкарупцыйнага інтэрнэт-выдання «Дарожны кантроль» Андрэй Дзындзя і ягоны адвакат Віктар Смалій.

Расціслаў Шапашнікаў, belsat.eu

Стужка навінаў