«Вялікакняская» вопратка ды ўгодкі Аршанскае бітвы на кашульцы


Як унесці ў сваю вопратку нейкі нацыянальны каларыт? Вядома, хацелася б яшчэ, каб спалучэнне сучаснага адзення і самабытных элементаў было зручным ды выглядала натуральна і густоўна.



На выклік актыўнае ды патрыятычнае моладзі спрабуе адказаць фірма «LSTR», робячы адзенне ў адмысловым беларускім стылі.

Цішоткі з Пагоняю, Калонаю ды іншымі гербамі часоў ВКЛ, постаці беларускае міфалогіі на кашульках, беларускі арнамент на гаманцах і папружках, князь Альгерд на налепках – такія рэчы сведчаць для тых, хто сустракае паводле вопраткі, – перад імі асоба, якая ганарыцца роднаю культурай і гісторыяй. Усю фірмовую вопратку вырабляюць у Беларусі. Кожная рэч мае пазнаку на беларускай лацінцы – «Zrobliena ŭ Biełarusi!».

JjHwSej7CPs

Аксесуары ад «LSTR». Фота vk.com/lstr_2012

Свае тавары «LSTR» экспануе ў сеціве надзвычай дасціпна, прычым гэты гумар таксама ўласнабеларускі, знітаваны з нашымі рэаліямі. Да прыкладу, заахвочванне «Кожная шмотка «ЛСТР» пашытая пяшчотнымі рукамі беларускіх нявінніц, прамых нашчадкаў знакамітых слуцкіх ткачых!» не зразумее той, хто не вучыўся ў беларускай школе.

Сёлета «LSTR» сталася лаўрэатам фестывалю беларускамоўнай рэкламы ды камунікацыі «AD.NAK!».

Нядаўна «LSTR» сталі вытворцамі ўдасканаленае версіі «вялікакняскага» світшоту з выявамі чатырох уладароў ВКЛ, набыць які, як падае старонка фірмы, ужо немагчыма – усё раскупілі. Налета фірма запрашае набыць дзве новыя цішоткі, прысвечаныя 500-гадоваму юбілею перамогі войскаў ВКЛ пад Оршай. Цяпер узгадаць выбітную падзею можна і дзякуючы вопратцы.

У якасці мадэлі для рэкламы гэтых саколак выступіў беларускі кікбаксёр Віталь Гуркоў. Фірма «LSTR» лічыць справу беларусізацыі нацыянальнага спорту неймаверна карыснаю, стварыўшы, да прыкладу, цішоткі для нацыянальнай каманды Беларусі па тайскім боксе. З чэмпіянату Еўропы беларускія тайбаксёры вярнуліся сёлета не толькі ў стылёвым адзенні, але і з 6 залатымі, 2 срэбранымі і 3 бронзавымі медалямі.

«У нашым шмоце вы заўсёды будзеце выглядаць стыльна, а герб «Калона» на лога дадасць +150 да мужнасці і сілы», – заахвочвае «LSTR» у сеціве.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў