Хто вы, уладыка Павел? (ВІДЭА)


Яшчэ ўчора – мітрапаліт Разанскі і Міхайлаўскі, а сёння – Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Павел. Ён нарадзіўся ў казахскай Карагандзе 61 год таму ў сям’і рабочых. Служыў у Савецкай арміі, а пасля тэхвучылішча пайшоў у Маскоўскую духоўную семінарыю. У якасці святара Павел служыў у Іерусаліме, ЗША, Аўстрыі ды Расеі, але не ў Беларусі. Грамадзяне на мітрапаліта-небеларуса рэагуюць па-рознаму.

{movie}Новы ўладыка Беларусі|right|13931{/movie}

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ:
“Кіраўнік беларускай царквы мусіць быць беларусам”.
“Гэта непрынцыпова, якой нацыянальнасці будзе мітрапаліт”.
“Вядома, хацелася б, каб беларускі быў, бо ён бліжэй да Беларусі, чым маскоўскі. Але калі чалавек дастаткова разумны, то ён зробіць не горш”.

Праваслаўная супольнасць Беларусі рашэнню Патрыярха Кірыла супрацьстаяць не можа, але спадзяецца, што новы моцны мітрапаліт зможа ўзмацніць і аб’яднаць Беларускі экзархат.

НАТАЛЛЯ ВАСІЛЕВІЧ, РЭДАКТАРКА ПАРТАЛУ «ЦАРКВА»:
“Гэта быў бы ўжо вялікі крок наперад, калі б Царква сама вырашала, а не тое, што ёй дзяржава загадвае, як рабіць”.

Мітрапаліт Філарэт узначальваў праваслаўную царкву ў Беларусі 35 гадоў. Адносіны з сённяшняй уладай у яго заўжды былі палюбоўныя. Пры Філарэце ў цэрквах стала традыцыяй маліцца за моцную дзяржаву. А пасля выбараў мітрапаліт пастаянна бласлаўляў Аляксандра Лукашэнку на ўладаранне.

ФІЛАРЭТ, ПАТРЫЯРШЫ ЭКЗАРХ БЕЛАРУСІ:
“З імем вашым народ Беларусі звязвае свае спадзевы…”

Лукашэнка плаціў Філарэту ўзаемнасцю. І размова не толькі аб спансаванні храмаў.

АЛЕСЬ ЛАГВІНЕЦ, ПАЛІТОЛАГ:
“Улады давалі магчымасць займацца бізнесам для структураў, блізкіх да Праваслаўнае царквы, таксама пытанне дазволаў на будаўніцтва новых цэркваў”.

Новы кіраўнік РПЦ у Беларусі вядомы, з аднаго боку, крытыкаю камунізму і сталінскіх рэпрэсіяў, а з іншага – падтрымкай дзейнай улады ў Расеі. Вось, напрыклад, фрагмент ягонага выступу на Разанскім тэлебачанні якраз перад прэзідэнцкімі выбарамі.

ПАВЕЛ, МІТРАПАЛІТ РАЗАНСКІ І МІХАЙЛАЎСКІ:
“Вы паглядзіце, што ў нас на экранах тэлебачання паказваюць, як выступаюць лідары апазіцыйных партыяў, якія імкнуцца да ўлады. Вы паглядзіце, справа даходзіць да вар’яцтва. Страшна нават падумаць, што такія людзі могуць прыйсці да ўлады”.

На пасаду Менскага і Слуцкага мітрапаліта былі і беларускія кандыдаты. Часцей за ўсё кулуарныя размовы вяліся пра айца Фёдара Поўнага, таксама гарачага прыхільніка моцнай дзяржавы. Гэтак крывавы разгон паслявыбарчых пратэстаў на сталічнай Плошчы ён назваў змаганнем з дэманамі.

АЙЦЕЦ ФЁДАР ПОЎНЫ, ПРОТАІЕРЭЙ РПЦ:
“Я чуў толькі аднаго дэпутата, прабачце, кандыдата, выпадкова ўключыўшы тэлевізар. Калі ён заклікаў на Плошчу на свае імяніны, гэта было блюзнерства”.

Але няма чаго дзівіцца, што прадстаўнікі Патрыярха Кірыла падтрымліваюць тую ўладу, што дапамагае Царкве пашыраць свой уплыў. Бо прыклад падае сам Маскоўскі Патрыярх.

Марцін Ярскі, “Аб’ектыў”

Стужка навінаў