Расеец будзе кіраваць Беларускаю праваслаўнаю царквою


Святы сінод пастанавіў задаволіць прашэнне, пададзенае мітрапалітам Менскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, аб адстаўцы ў сувязі з дасягненнем 75- гадовага ўзросту.

На ягонае месца прызначылі Мітрапаліта Разанскага і Міхайлаўскага Паўла. Ён нарадзіўся 19 лютага 1952 года ў Карагандзе ў сям’і рабочых. У 1973–1976 гадах вучыўся ў Маскоўскай духоўнай семінарыі. У 1980 годзе скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію са ступенню кандыдата багаслоўя.

Рашэннем Святога Сіноду ад 19 лютага 1992 года быў прызначаны епіскапам Зарайскім, які кіраваў патрыяршымі прыходамі ў ЗША і часова ў Канадзе. У 1999 годзе прызначаны епіскапам Венскім і Аўстрыйскім. У 2001 годзе ўзведзены ў сан архіепіскапа з тытулам Венскі і Будапешцкі.

Рашэннем Святога Сіноду ад 5–6 кастрычніка 2011 года яму прысвоілі тытул Разанскі ды Міхайлоўскі, прызначылі кіраўніком новастворанай Разанскай мітраполіі. 8 кастрычніка 2011 года ўзведзены ў сан мітрапаліта.

Беларуская праваслаўная царква (БПЦ) падпарадкуецца Маскоўскаму патрыярхату і насамрэч носіць назву Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату. Святы сінод РПЦ прымае ўсе рашэнні адносна кадравых зменаў у царкве, у тым ліку і ў БПЦ.

ЮВ, паводле БелТА

Стужка навінаў