Слонімская сінагога зноў выстаўленая на гандляванні, цана – 1 базавая


Унікальная сінагога ў Слоніме 1642 года пабудовы зноў выстаўлена на аўкцыён. Стартавая цана пачынаецца з 1 базавай велічыні, на сённяшні дзень гэта 40 беларускіх рублёў.

Сінагога ў Слоніме, крыніца: Вікіпедыя

Вядома, што ў 2022 годзе старую святыню ўжо выкупала беларуская пісьменніца Ілона Караваева, тады з усімі выдаткамі набытак каштаваў ёй амаль 11 тысячаў долараў. Для таго, каб узнавіць пабудову, жанчыне давялося нават прадаць сваю кватэру. Аднак даць рады Ілона Караваева не змагла, і сінагога зноў вярнулася слонімскім уладам.

Слонімскі райвыканкам ужо некалькі разоў выстаўляў сінагогу на аўкцыён, шторазу паніжаючы стартавую цану. Цяпер яна роўная 40 беларускім рублям. Гандляванні адбудуцца 22 лютага, заяўкі ж можна дасылаць да 19-га.

Той, хто набудзе будынак, будзе абавязаны падпісаць ахоўнае абавязальніцтва, бо сінагога адносіцца да гістарычна-культурнай каштоўнасці. Гэта ўсё ўключае ў сябе распрацоўванне перадпраектнай дакументацыі і ўласна праекту рэканструкцыі цягам двух гадоў, у адваротным выпадку аб’ект вернецца прадаўцу, а пакупнік не зможа атрымаць назад укладзеных грошай.

Рэстаўрацыю будынку трэба правесці цягам пяці гадоў, падчас якой неабходна захаваць мастацкія, стылістычныя і канструктыўныя асаблівасці аб’екту.

Гэта адна з найбольш адметных сінагог Беларусі. Сінагога ў Слоніме была збудаваная ў 1642 годзе ў стылі барока, але ў аздобе відаць рысы абарончай архітэктуры.

Раман Шавель belsat.eu
Стужка навінаў