Палітвязня Мікалая Статкевіча зноў адправілі ў штрафны ізалятар


Палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча зноў адправілі ў ШІЗА глыбоцкай калоніі № 13. Пра гэта напісала на сваёй Facebook-старонцы жонка зняволенага Марына Адамовіч. На днях яна атрымала ад Мікалая новы ліст, які ён даслаў 5 студзеня.

Акцыя салідарнасці ў падтрымку Мікалая Статкевіча і ўсіх палітзняволеных адбылася ў Вільні каля консульства Беларусі. Мітынг зладзілі ў другую гадавіну затрымання лідара партыі Народная Грамада Мікалая Статкевіча. Вільня, Літва. 31 траўня 2022 года.
Фота: Белсат

«Ужо некалькі разоў пасля выпіскі з медчасткі бралі кроў з пальца на аналіз. Як я разумею, застаецца завышанай СОЭ. Сёння рабілі «кантрольную» флюараграфію, у тым ліку асобны здымак правага лёгкага. Звычайная тут сітуацыя: адна «рука» неўзабаве пасля хваробы саджае ў ШІЗА, а потым у камеру з мокрым ад столі да нізу кутам, а другая лякуе ад наступстваў. І піша даведкі, што магу быць у ШІЗА», – распавядае пра ўмовы ўтрымання мужа Марына Адамовіч.

Марына Адамовіч кажа, што ейнага мужа адправілі ў ШІЗА 11 студзеня на 9 содняў. У апошні раз Мікалая Статкевіча змяшчалі ў штрафны ізалятар перад Калядамі, ён выйшаў адтуль 29 снежня.

Мікалай Статкевіч быў затрыманы 31 траўня 2020 года, калі ехаў у Менску на Камароўскі рынак, дзе збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Яго некалькі разоў каралі адміністратыўным арыштам, а потым выставілі абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў.

14 снежня 2021 года Мікалаю Статкевічу прысудзілі 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. Ён быў прызнаны вінаватым у арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК). 20 чэрвеня 2022 года Мікалай Статкевіч быў этапаваны з гомельскага СІЗА № 3 у глыбоцкую калонію № 13. У лістападзе 2022 года палітвязень хварэў на пнеўманію, яго змяшчалі ў лякарню. Цяпер ён у штрафным ізалятары калоніі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў