Насце і Змітру Дашкевічам паказалі фільм пра гісторыю іхнага кахання


Увечары 22 снежня ў памяшканні «Арт Сядзібы» ў Менску адбыўся перадпрэм’ерны паказ новага дакументальнага фільму рэжысёраў Вячаслава Ракіцкага і Андрэя Куцілы «Каханне па-беларуску» пра гісторыю стасункаў Насты і Змітра Дашкевічаў.

Фільм пачынаецца кадрамі з суда над Змітром Дашкевічам і канчаецца вяселлем з Настаю. Цяпер пара чакае дзіця.

{movie}«Каханне па-беларуску» (Трэйлер)|right|13887{/movie}

На паказе, апроч аўтараў фільму і галоўных герояў, прысутнічалі былыя палітвязні і сваякі тых, хто яшчэ застаецца за кратамі, журналісты, палітыкі, а таксама вядомыя кінакрытыкі, артысты і рэжысёры. Сярод іх Марына Адамовіч, Валянціна Яроменак, Алесь Кіркевіч, Аляксей Янукевіч, Раман Падаляка, Паліна Рэспубліка (ейная музыка гучыць у стужцы), Віктар Дашук, Наталля Сцяжко.

Вячаслаў Ракіцкі адзначыў, што фільм «Каханне па-беларуску» прысвечаны не толькі Дашкевічам, але і ўсім палітвязням, іхным жонкам і дзяўчатам. Андрэй Куціла сказаў, што гэта таксама і фільм пра салідарнасць тых, хто стаіць за свабоду.

Наста Дашкевіч (Палажанка) пасля прагляду падзякавала рэжысёрам і за фільм, і за найцяжэйшае пры здымках – прачытанне тысячы лістоў, якія яны са Змітром напісалі адно адному. Яна пазычыла ўсім беларусам нават у такіх сітуацыях, што выпалі ім з мужам, не губляць надзеі.

Зміцер Дашкевіч фільму да канца не дагледзеў – мусіў вяртацца дадому да 20:00 паводле ўмоваў прэвентыўнага нагляду па вызваленні.

Дагледзець да канца «Каханне па-беларуску» ён, як і гледачы «Белсату», зможа на нашым канале. Прэм’ера – 24 снежня а 21:25!

belsat.eu

Стужка навінаў