Гэштэг, які аб’яднаў украінцаў


Эксклюзіўнае інтэрв’ю з мадэратарамі ўкраінскае суполкі ў «Facebook’у» #EuroMaydan. З прычынаў бяспекі размова праходзіла без імёнаў і прозвішчаў.


Гэштэг (па-ангельску hashtag ад hash – сімвал «рашотка» + tag – тэг) – гэта слова або фраза, якім папярэднічае знак #. Пры дапамозе гэштэга карыстальнікі сацсетак могуць аб’ядноўваць паведамленні па тэме або тыпу. Цягам апошніх тыдняў гэштэгі на тэму Еўрамайдану білі рэкорды папулярнасці ў інтэрнэце. За падзеямі ва Украіне сочыць увесь свет. Мы вырашылі даведацца, хто распаўсюджвае інфармацыю пра пратэсты ў Кіеве і як працуе адна з самых папулятных суполак, прысвечаная Еўрамайдану.
Юрась Высоцкі: Колькі чалавек працуюць ў вашай камандзе?
#EuroMaydan: У нас 6 мадэратараў. Працуем 24/7, стараемся пазменна, каб не губляць прадуктыўнасці. Яшчэ 4 асобы працуюць у бэк-офісе – займаюцца медыя-маніторынгам, рыхтуюць уласныя навіны ды фотарэпартажы. Па сутнасці, мы паўнавартасная 24-гадзінная рэдакцыя.
ЮВ: Чым вы займаецеся ў жыцці? Колькі вам гадоў?
#EuroMaydan: Сярэдні ўзрост рэдакцыі – 27. Большасць працуе ў грамадскіх арганізацыях, ёсць прадстаўнік бізнес-сегменту і студэнты факультэту журналістыкі.
ЮВ: Хто быў аўтарам ідэі стварыць суполку #EuroMaydan?
#EuroMaydan: Адзін з удзельнікаў нашай рэдакцыі, стварыў у першы ж дзень пратэстаў. З таго часу мы вядзем пастаяннае інфармаванне пра падзеі на Майдане, ініцыятывы розных групаў (напрыклад, лагістычнага цэнтру Майдану, медпункту, Адкрытага ўніверсітэту і г. д.), а таксама каардынуем прапановы наконт дапамогі Майдану, якія паступаюць ад нашых падпісчыкаў.
ЮВ: Ці ёсць у вас магчымасць назваць свае імёны, ці пакуль вы баіцеся зняць з сябе маскі ананімаў?
#EuroMaydan: На гэтым этапе мы б аддалі перавагу мець зносіны без імёнаў і прозвішчаў.
ЮВ: Вы працуеце толькі з «Facebook’ам»?
#EuroMaydan: Асноўны рэсурс – гэта суполка ў «Facebook’у», ва Украіне гэтаю платформаю карыстаецца найбольш прагрэсіўная частка насельніцтва. Нашыя навіны аўтаматычна транслююцца ў «Twitter’ы», ёсць акаўнт у «Instagram’е» http://instamaidan.org.ua. Намагаемся перакладаць асноўныя навіны ды посты на англійскую, каб замежная аўдыторыя таксама мела магчымасць сачыць за падзеямі на Майдане.
ЮВ: Вядомыя ўкраінцы дапамагалі вам піярыцца?
#EuroMaydan: Што значыць піярыцца? Украінскія журналісты, розныя ініцыятывы грамадскага сектару «лайкаюць» нашыя паведамленні, шматтысячная аўдыторыя – перапошчвае нашую інфармацыю на сваіх старонках. Акрамя таго, усе нашыя паведамленні ўтрымліваюць гэштэг #ЄвроМайдан – гэта дае магчымасць карыстальнікам інтэрнэту лягчэй знайсці інфармацыю пра тое, што адбываецца ў Кіеве.
ЮВ: У Беларусі ёсць нямала суполак, якія яднаюць гэтак званы пратэставы электарат, але большасць з тых, хто належыць да прасунутых, абмяжоўваецца толькі «лайкамі». Людзі не ідуць на вуліцы. На вашую думку чаму гэтак адбываецца?
#EuroMaydan: Першы Еўрамайдан сабраўся ў Кіеве пасля таго, як уплывовы журналіст у сваім блогу пакінуў прызыў выйсці на плошчу. Майданы ў іншых гарадах гэтаксама збіраліся праз сацыяльныя сеткі. У нашым выпадку, сацыяльныя сеткі сталі мабілізацыйнаю пляцоўкаю, на якой людзі каардынавалі свае афлайн-дзеянні. Акрамя таго, гэта добры канал прыцягнення/распаўсюджання інфармацыі для моладзі і актыўных людзей, якія не глядзяць ТБ, але хочуць ведаць і дзяліцца інфармацыяй.
ЮВ: Вы працуеце ў Кіеве?
#EuroMaydan: Так. Мы месцімся ў сталіцы, эпіцэнтры падзеяў, часта транслюем наўпрост з Майдану. Праўда, калі там глушаць мабільную сувязь і інтэрнэт, даводзіцца цяжкавата.
Гутарыў Юрась Высоцкі, belsat.eu
Стужка навінаў