Затрымалі на малітве ля касцёлу. Асудзілі за пікет ля амбасады


Грамадскі актывіст Максім Вінярскі проста ў судзе абвесціў галадоўку. Гэта адбылося пасля таго, як суд Цэнтральнага раёну Менску 20 снежня вынес вырак: 15 содняў арышту за правядзенне несанкцыянаванага пікету каля амбасады Украіны ў Менску 30 лістапада, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Суддзя Вікторыя Шабуня прызнала Максіма Вінярскага вінаватым у парушэнні парадку правядзення ці арганізацыі масавага мерапрыемства (арт. 23.34 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў). Актывіст прасіў суд адтэрмінаваць выкананне пакарання на месяц праз хваробу маці. На знак пратэсту супраць рашэння суддзі ён абвесціў галадоўку.

Максіма Вінярскага і грамадскую актывістку Наталлю Гарачку затрымалі на плошчы Незалежнасці ў Менску ўвечары 19 снежня. Наталля Гарачка паставіла свечку каля Чырвонага касцёлу на ўспамін аб падзеях трохгадовай даўніны, калі на плошчы Незалежнасці жорстка разагналі мірную дэманстрацыю нязгодных з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Вінярскі фатаграфаваў ейныя дзеянні.

Затрыманых людзей даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну, адкуль Наталлю Гарачку неўзабаве адпусцілі, а Максіма Вінярскага перавялі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Там на яго склалі пратакол аб правядзенні несанкцыянаванага пікету каля амбасады Украіны 30 лістапада.

Раней, 12 снежня, за правядзенне пікету салідарнасці з украінскім народам ля амбасады асудзілі яшчэ аднаго грамадскага актывіста – Іллю Дабратвора. На рашэнне суддзі Вікторыі Шабуні яго пакаралі штрафам восем базавых велічыняў (Br 1 000 040).

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў