Назвалі 6 пытанняў «Народнага рэферэндуму». За што прапаноўваюць галасаваць?


Партыя БНФ, рух «За Свабоду» і грамадзянская кампанія «Гавары праўду» канчаткова сфармулявалі шэсць пытанняў для рэферэндуму. Яны прагучалі на прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў офісе «Гавары праўду».

На «Народны рэферэндум», правядзення якога маюць намер дабівацца ў межах дзейнага заканадаўства ініцыятары гэтай кампаніі, плануецца вынесці наступныя пытанні:

– Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі для грамадзянаў Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

– Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, вобласцяў павінны абірацца наўпроставым галасаваннем грамадзянаў?

– Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэнне бязвізавай прасторы з Еўрапейскім Звязам?

– Ці згодныя вы, што дзеля забеспячэння нейтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забароненае размяшчэнне замежных вайсковых аб’ектаў, ядравай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несці службу за мяжою?

– Ці згодныя вы, што адна і тая асоба не можа займаць пасаду прэзідэнта больш за два тэрміны?



– Ці згодныя вы, што грошы, атрыманыя ад запланаванай урадам прыватызацыі, у першую чаргу павінны пайсці на кампенсацыю ўкладаў, згубленых падчас дэвальвацыі 2011 года, і стварэнне працоўных месцаў?

Збор подпісаў за правядзенне рэферэндуму яго ініцыятары плануюць пачаць ужо падчас абвешчанай у Беларусі кампаніі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў. Яны таксама абяцаюць стварыць «дарожную мапу» аб кожным з прапанаваных на рэферэндум пытанняў і пачаць нацыянальную дыскусію, вынікам якой мае стаць распрацоўванне праграмы развіцця Беларусі.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў