Беларусь гатовая прадаць Расеі Мазырскі НПЗ за нафту


У якасці адной з умоў прыватызацыі Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Беларусь прапанавала расейскай кампаніі „Роснефть” павялічыць да 2020 года аб’ёмы перапрацоўкі нафты ў Беларусь да 20 мільёнаў тон. Аб гэтым паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пракаповіч, выступаючы 20 снежня на сумесным пасяджэнні дзвюх палатаў Нацыянальнага сходу.

Размова ідзе, каб частка нафты, што пастаўляецца ў Еўропу, перапрацоўвалася ў Беларусі і прадавалася на экспарт”, – сказаў Пракаповіч.

На ягоную думку, цягам месяца расейскі бок вызначыцца ў гэтым пытанні. Калі Расея падтрымае гэтую прапанову, гэта будзе азначаць для Беларусі буйны інвестыцыйны праект, падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

16 кастрычніка прэзідэнт „Роснефти” Ігар Сечын заявіў пра зацікаўленасць у куплі дзяржаўнай долі акцый Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу. „Нам гэты актыў цікавы. Мы ўжо там прысутнічаем. Усё астатняе будзе залежаць ад умоў продажу. Будзем разглядаць”, – сказаў Сечын.

Гэтая заява прагучала праз шэсць дзён пасля таго, як Дзяржкамітэт па маёмасці Беларусі аб’явіў, што плануецца продаж на аўкцыёнах і па конкурсе акцый больш чым 80 прадпрыемстваў, якія належаць Рэспубліцы Беларусь, і яшчэ некалькіх прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў. Сярод іншага, ўлады прадаюць дзяржаўную долю ў Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (42,76%) коштам па стане на 1 студзеня гэтага года 4,68 трлн. рублёў.

Паводле звестак Міністэрства фінансаў, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод у першым паўгоддзі 2013 года стаў другой па аб’ёме прыбытку публічнай кампаніяй Беларусі. Чысты прыбытак завода склаў 1.063 млрд. рублёў, выручка — 14.584,1 млрд. рублёў.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў