Дырэкцыя заводу страціла на судах каля 100 млн, каб не плаціць 3 млн?


Актывісты Свабоднага прафсаюзу ў Бабруйску перамаглі – працаўнікам выплацяць прэміі. Не ўсе рабочыя, аднак, выйшлі з залы суда задаволеныя. Некаторыя з іх застануцца без грошай, хоць нават пракурор заўважыла ўпярэджанае стаўленне да іх з боку дырэкцыі.



Цягам шасці месяцаў 10 сябраў Свабоднага прафсаюзу бабруйскага Заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў (ТДіА) адстойвалі ў судзе сваё права на дадатковыя прэміі нароўні з іншымі працаўнікамі. Нарэшце суд пастанавіў: спагнаць з заводу па Br 300 тысяч на карысць чальцоў СПБ.

{movie}Скамечаная перамога|right|13872{/movie}

«Сёння было ўжо «юбілейнае», 10-е паседжанне суда ў гэтай справе. Я, вядома, задаволены рашэннем. Яно справядлівае, інакш і быць не магло, калі развязваць паводле закону», – пракаментаваў перамогу старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага Міхаіл Кавалькоў.

Але з перамогаю з залы суда выйшлі не ўсе пазоўнікі – наладчыку аўтаматаў і паўаўтаматаў Аляксандру Грамыку і токару Алегу Шаўчэнку суд у прэміі адмовіў.

Адміністрацыя заводу падала на судзе дакументы, паводле якіх наладчык Грамыка і токар Шаўчэнка мелі значныя парушэнні за перыяд, за які выплочвалася прэмія. Працаўнікі парушэнняў не прызнаюць і сцвярджаюць, што ўпершыню пачулі пра іх на судзе.

Старшыня СПБ Міхаіл Кавалькоў мае намер разабрацца, чаму двух рабочых усё ж пакінулі без прэміі, і, магчыма, будзе абскарджваць гэтую частку рашэння суда, калі самі працаўнікі гэтага захочуць: «Мне незразумела, чаму ім адмовілі. Не бачу тут ніякай логікі. Бо нават пракурор звярнула ўвагу на ўпярэджанае пазбаўленне іх прэміі, – пракаментаваў прафсаюзны лідар. – Будзем цяпер разам з Шаўчэнкам і Грамыкам абмяркоўваць і прымаць рашэнне, што рабіць далей».

Адміністрацыя заводу працягвае лічыць патрабаванні працаўнікоў беспадстаўнымі. «Калі кіраўніцтва пастанавіла не выплочваць прэміі, значыцца, гэта было адзінае правільнае рашэнне», – заявіў юрысконсульт заводу ТДіА Генадзь Дзеравянка.

За кожнае судовае паседжанне завод губляе Br 10–15 млн

Спрэчка аб прэміях цягнулася з чэрвеня гэтага года. Тады кіраўніцтва 2-га механазборачнага цэху заводу ТДіА пастанавіла выплаціць усім працаўнікам цэху дадатковыя прэміі за высокую культуру працы. Але сябры СПБ прэміі не атрымалі.

Працаўнікі падалі пазоў у суд. У верасні Бабруйскі суд пастанавіў пакінуць справу без разгляду. Тады сябры СПБ звярнуліся са скаргай у Магілёўскі суд, які ануляваў рашэнне Бабруйскага суда і адправіў справу на паўторны разгляд.

Працаўнікі лічаць, што за час судовага разгляду справы завод згубіў значна больш, чым калі б выплаціў сябрам СПБ па Br 300 тысячаў.



«У сярэднім кожны працаўнік, што ўдзельнічаў у судах, зарабляе ў месяц недзе Br 20–30 млн прыбытку для заводу. А праз тое, што мы сюды ходзім, завод за кожнае паседжанне губляе недзе Br 10–15 млн. Таму нават эканамічна не выгадна было з намі судзіцца, – зазначыў Аляксандр Варанкін, наладчык аўтаматаў і паўаўтаматаў 2-га механазборачнага цэху. – Калі б прадпрыемства сапраўды лічыла свае прыбыткі ды страты, нармальны кіраўнік ніколі б не пайшоў на судовыя цяжбы праз Br 300 тыс.».

З чэрвеня адбылося 10 судоў, на якіх дырэкцыя магла згубіць прыкладна нават каля Br 100 млн. На прэміі для 10 чалавек выдаткавалі б толькі Br 3 млн.

Марына Маўчанава, belsat.eu

Стужка навінаў